Галоўная » Артыкулы » Глусчане |
ТОДАР КУЛЕША1. ПІСЬМЕННІК-ДЭМАКРАТ АЛЬГЕРД АБУХОВІЧУ 1893—1894 годзе, калі я быў яшчэ вучнем трэцяга ці чацвёртага класа Слуцкай гімназіі, мой бацька, вярнуўшыся са службы ў паштова-тэлеграфнай канторы, дзе ён працаваў дробным служачым, папярэдзіў маю маці, што вечарам у нас будзе госць, якога трэба ветліва прыняць. — Ты, пэўна, чула пра пана Абуховіча? Паны лічаць яго дзіваком, бо ён адрокся ад маёнтка і сям'і, жыве на свой уласны заработак, знаецца з простымі людзьмі і нават піша вершы на простай мове, мове мужыкоў і рамеснікаў. Ён праз сваіх знаёмых гімназістаў даведаўся, што нашы хлопцы абодва вучацца ў гімназіі, і прыйшоў да мяне ў кантору, каб са мною пазнаёміцца, і вельмі мяне і цябе хваліў за тое, што мы так дбаем пра навучанне сваіх дзяцей... Я запрасіў да нас гэтага прыяцеля працоўнага народа, добрага і прыязнага людзям чалавека. Дык, калі ласка, паклапаціся!.. А вечарам таго дня, у агародчыку ля дома, дзе мы жылі, за чайным сталом з рознай закускай, мы мелі госцем гэтага «дзівака» і слухалі яго, Альгерда Абуховіча, вершы на беларускай мове, пераважна байкі. У іх пісьменнік умела, у трапных выразах і словах высмейваў паноў і падпанкаў, заможных сялян і фанабэрыстых шляхцюкоў, ксяндзоў і царскіх «чынадралаў»... Бацька з маткаю з захапленнем слухалі яго творы і часта дружна смяяліся. Я сядзеў і слухаў, як зачараваны, бо ўпершыню з вуснаў пана, хаця і ў паношанай вопратцы, прытым ад чалавека ўжо са срэбрам у валасах чуў «дзіва» — мілагучныя вершы на той мове, якой я, жывучы да дзевяці гадоў у сям'і дзеда і бабкі, карыстаўся, якую я лічыў прыгожай і якую я ў гімназіі бараніў перад сваімі аднакласнікамі, што яе ганілі і высмейвалі. Пісьменнік у маіх вачах цяпер паўставаў як абаронца мовы свайго народа, як вястун і чараўнік роднага слова. Помніцца, што яшчэ разы са два Альгерд Абуховіч быў наведвальнікам нашай сям'і, і кожны раз пасля слухання яго баек, сатыры і вершаў мацнела ў мяне любоў да роднай мовы, і я ўжо не са слязьмі ў душы, а з гнеўнай упэўненасцю абараняў сваю родную мову, называючы тых, хто ставіўся з пагардай да яе, здраднікамі свайго народа. Пісьменнік цікавіўся нашымі поспехамі ў вучобе і, калі даведаўся, што брату цяжка даецца французская мова, запрапанаваў, каб наступным летам мой брат хадзіў да яго тры разы на тыдзень займацца гэтай моваю. Абуховіч ад платы адмовіўся, хаця за іншых сваіх вучняў грошы атрымліваў, бо на гэты заработак ён і жыў. Тут трэба сказаць, што пісьменнік, як зазначала гаспадыня пакою, які ён наймаў у старэнькай Федаровіч (на Іванаўскай вуліцы), у некаторыя месяцы траціў на свой абед толькі пяць капеек. Мае бацькі ледзьве атрымалі згоду Абуховіча на замену грошай за вучобу брата натураю. Мы мелі добры агарод, курэй, бацька ставіў венцяры на рыбу, і матка наша стала перадаваць Федаровічысе, якая варыла пісьменніку, патрэбную для яго гародніну, яйкі, а пры бацькавай удачы — і рыбу. А калі пад вёскаю Іграевым мы з бацькам лавілі ракаў ці калі хадзілі па грыбы, стол пісьменніка ўзбагачаўся гэтымі прадуктамі. Памятаю, у пісьменніка часта бывалі Кавалеўскі, Зянковіч, Вострасайліны (імёны іх і як іх зваць па бацьку, — не памятаю), Аляксандр Ярэміч *12, Іван Чудоўскі, Пятро Карповіч*23, Аляксандр Тэраль, адзін з братоў Мігаёў і іншыя*. Часцей за ўсё вяліся размовы пра ўзаемаадносіны ў нашай гімназіі вучняў з настаўнікамі, пра забароненыя для чытання гімназістам кнігі, пра паўстанне 1863 года на Беларусі і бясконцыя размовы пра класікаў рускай, польскай і сусветнай літаратуры. Абуховіч вельмі добра валодаў французскай, італьянскай, англійскай і нямецкай мовамі. Лёгка чытаў на іспанскай мове. Пры спрэчках, каб успомніць якое-небудзь месца з таго ці іншага твора класіка, Абуховіч падыходзіў да сваёй вялікай шафы з кніжкамі, хутка знаходзіў, што было патрэбна, і цытаваў цікавае ўсім месца. Узнікла размова і пра мажлівасць для беларускай мовы стаць літаратурнай моваю, здольнай пры перакладах з іншых моў перадаць самыя тонкія адценні чалавечых пачуццяў і разуменняў. Памятаю, што Ярэміч, Карповіч і Зянковіч згаджаліся з Абуховічам, што беларуская мова зусім не бедная, наадварот, вельмі багатая словамі з рознымі адценнямі іх сэнсу. Іншыя ж мала верылі ў здольнасць роднай мовы. На працягу некалькіх гадоў свайго знаёмства і наведвання пісьменніка я меў магчымасць паслухаць пераклады Абуховіча з «Фауста» Гётэ, з «Разбойнікаў» Шылера, некаторых вершаў Віктора Гюго, Байрана, Дантэ. Уражанне ад пачутага ў мяне было моцнае. У пісьменніка склалася прывычка класці ў кнігу побач з арыгіналам і яго пераклад. Гэта заўважылі, акрамя мяне, Ярэміч і Карповіч, і яны часта прасілі Абуховіча пачытаць свае пераклады і спасылаліся пры гэтым: — У вас жа шмат закладак! Значыць, ёсць што нам прачытаць! Трэба таксама зазначыць, што ў Абуховіча былі пераклады з Пушкіна, Лермантава, Адама Міцкевіча, М. Канапніцкай, Кандратовіча-Сыракомлі. Нам, моладзі, вельмі падабаліся яго пераклады верша Лермантава «И скучно, и грустно» і асабліва пушкінскіх «Деревня»4 («Приветствую тебя, пустынный уголок») і «Вновь я посетил тот уголок». Калі Абуховіч усхвалявана прачытаў нам свой пераклад пушкінскага «Арнона» («Нас было много на челне»), ён успомніў і пра падзеі з паўстання 1863 года на Міншчыне, удзельнікам якіх быў сам5. Моцнае ўражанне пакінула на ўсіх нас яго апавяданне пра дзяўчыну, якая была фельчаркай-хірургам у іх паўстанцкім атрадзе. Пасля ўдачы пад адным мястэчкам на паўночнай Случчыне паўстанцы адыходзілі ў лясы Ігуменшчыны. Аднак каля павятовага тракта ар'ергард іх быў атакаваны казачай паўсотняю. Калі быў паранены камандзір ар'ергарда, фельчарка кінулася да яго, каб перавязаць. Казакі не паглядзелі, што на яе грудзях, рукавах і касынцы былі чырвоныя крыжы. Дзяўчына была смяртэльна паранена і ўпала. Каб не даць казакам захапіць іх абаіх у палон, паўстанцы падцягнулі да месца бою ўсе свае сілы і вялі такі актыўны агонь па казаках да самага цямна, што здолелі вынесці абаіх таварышаў, праўда, ужо мёртвых. Гераіню пахавалі на высокім беразе Бярозы. Абуховіч лічыў: няўдача паўстання 1863 года заключалася ў тым, што землеўласнікі баяліся ўзняць на паўстанне беларусаў-сялян, бо тады трэба было б адцаць ім зямлю. Студэнтам6 я рэдка наведваў Слуцк. 3 ліста сваёй маці я дазнаўся, што Абуховіч памёр. Калі ў 1921 годзе быў у Слуцку, ад сваёй маці і ад дачкі Казіміра Аколава сабраў некаторыя даныя пра пісьменніка. Вось яны. Альгерд Абуховіч быў сынам заможнага землеўласніка на Случчыне. Разам з Казімірам Аколавым ён прымаў удзел у паўстанні 1863 года. Пасля адбыцця кары і вяртання ў сям'ю ён паставіў пытанне, каб зямлю аддалі былым прыгонным — сялянам. Супраць Альгерда Абуховіча ўзнялася яго сям'я, родная сястра, што замужам была за Ёдкам, таксама і іншая радня. Паколькі Альгерд Абуховіч быў цвёрдым у сваім рашэнні, яму, пасля вострых спрэчак, прыгразілі абвяшчэннем яго вар'ятам. У тыя часы такія справы не былі навіною, і царская адміністрацыя падтрымлівала тых, хто хацеў уціхамірыць падобных бунтароў супраць «асноў грамадскага жыцця». Тады Альгерд Абуховіч выбраў са сваёй бібліятэкі самыя любімыя кнігі і пакінуў родны дом. Перш ён пабыў у свайго прыяцеля Расудоўскага (маёнтак Курганы), потым перабраўся ў Слуцк, каб карміцца там урокамі. Час ад часу яго наведвалі доктар Янушэвіч, Расудоўскі, Машэўская, Узлоўская. За 18 гадоў сваркі з сястрою паміж ёю і братам не было сустрэч, і толькі калі ўжо Альгерд цяжка захварэў, яна два разы наведала яго. Цяжкая хвароба абарвала жыццё Альгерда Абуховіча. Жонка яго памёрла ў Пецярбургу ад сухотаў значна пазней за яго. Глуханямая дачка пісьменніка жыла ў цёткі ў Пецярбургу. Сваю бібліятэку і рукапісы А. Абуховіч аддаў Казіміру Аколаву, які жыў тады ў Слуцку і часта наведваў яго, асабліва калі ён захварэў. Па словах Федаровічыхі, кнігі і пісьмовы стол пасля пахавання прыяцеля Аколаў перавёз да сябе. Я спадзяваўся, што хоць што-небудзь магло застацца ад бібліятэкі Абуховіча, і прасіў дазволу дачкі Казіміра Аколава агледзець свіран, у якім была складзена бібліятэка. Аднак ніякага следу ад яе я там не знайшоў. Дачка Казіміра Аколава расказвала, што яе брат, які працаваў у Варшаве, запрасіў бацьку прыехаць жыць да сябе. Казімір Аколаў, забраўшы з сабою бібліятэку і рукапісы Абуховіча, пераехаў са Слуцка ў Варшаву, дзе ў 1913 ці 1914 годзе і памёр. Разам з кнігамі, напэўна, у Варшаву трапілі і шматлікія закладкі — пераклады пісьменніка. Было б, вядома, вялікаю ўдачай, калі б цяпер пры дапамозе польскай Акадэміі навук і польскіх пісьменнікаў удалося знайсці ў Варшаве Аколавых, бібліятэку і рукапісы Альгерда Абуховіча7[...] Я ў 1920 годзе знайшоў на каталіцкіх могілках Слуцка магілу А. Абуховіча з невысокім каменным помнікам, на якім быў просты надпіс з імем і прозвішчам пісьменніка і датамі нараджэння і смерці. Як зойдзеш праз вароты могілак, яго магіла чацвёртая па левы бок у крайнім радзе, побач з магілаю доктара гімназіі Машэўскага. *1 Потым вядомы хірург: памёр на Далёкім Усходзе8. *2 Пазней забіў міністра Багалепава9. Загінуў пры звароце з Англіі на параходзе ад нямецкай міны.
«Беларусь», 1958, № 3, стар. 28
1 Кулеша Тодар (сапр. Дыла Язэп Лявонавіч; 1880—1973) - беларускі грамадскі дзеяч і пісьменнік. У 1919 г. быў у складзе першага беларускага савецкага ўрада, камісар працы. У 20-я гады займаў адказныя пасады ў дзяржаўных органах БССР і Інбелкульце. 3 1931 г. жыўу Саратаве. Аўтар п'ес, аповесцей, успамінаў і літаратурна-крытычных артыкулаў. 2 Ярэміч Аляксандр (памёр каля 1923 г.) — пазней хірург, доктар медыцынскіх навук (гл. пра яго: Р. Родчанка. Паплечнікі Альгерда Абуховіча. «Літаратура і мастацтва», 4 красавіка 1967 г.)*. 3 Карповіч Пётр Уладзіміравіч (1874—1917) — рэвалюцыянер-тэрарыст. Адзін з арганізатараў Гомельскага камітэта РСДРП, потым зблізіўся з зсэрамі. 4 У часопісе: «Вёска». 5 Дакументальных звестак пра ўдзел Абуховіча ў паўстанні 1863 г. пакуль што не знойдзена. 6 Я. Дыла вучыўся ў Юр'еўскім ветэрынарным інстытуце ў 1899 — 1903 гг. 7 Пра пошукі архіва Абуховіча ў Польшчы гл.: А. Мальдзіс. Падарожжа ў ХІХ стагоддзе. Мінск, 1969, стар. 174-175. 8 Па іншых звестках, Ярэміч апошнія гады жыў у Томску. 9 Багалепаў Мікалай Паўлавіч (1846—1901) — міністр асветы ў 1898— 1901 гг., праводзіў рэакцыйны курс. Памёр ад раны, нанесенай П. У. Карповічам.
Пачынальнікі. З гісторыка-літаратурных матэрыялаў ХІХ ст. Укладальнік Г.В. Кісялёў. Мінск, "Беларуская навука”, 2003.
| |
Категория: Глусчане | Добавил: Vladmin (27.09.2010) | |
Просмотров: 2169 | Комментарии: 2 |
Всего комментариев: 0 | |