Галоўная » Артыкулы » Kомитет самоуправления

«У нас павінны быць агульная зацікаўленасць у рабоце, узаемадапамога і ўзаемаразуменне»

«У нас павінны быць агульная зацікаўленасць у рабоце, узаемадапамога і ўзаемаразуменне»

 

 

Неабходнасць выступіць на старонках раённай газеты ўзнікла ў сувязі з тым, што па раёну пачалі распаўзацца чуткі, быццам на мінулай сесіі раённага Савета дэпутаты беспадстаўна расправіліся з раённым грамадскім камітэтам па самакіраванню пры выканкаме райсавета. Гэта па-першае. I па-другое, наступіў час і мне, як кіраўніку раёна, абазначыць сваю пазіцыю і па іншых надзённых пытаннях раённага жыцця. Выказацца шчыра, каб папярэдзіць розныя плёткі, неабгрунтаваныя папрокі, якія ідуць у адрас райвыканкама, мой асабісты.

Што датычыць камітэта па самакіраванню, хачу адразу акрэсліць сваю пазіцыю: я і члены выканкама не супраць гаго, каб такая грамадская структура існавала ў раёне. Перакананы, што камітэт патрэбен і выканкаму, і людзям. Яго карысць я бачу ў тым, каб разам вырашаць надзённыя пытанні, аб’яднаць намаганні ў барацьбе з той несправядлівасцю, несумленнасцю, якія маюць месца ў нашым жыцці. Выканкам Савета прасачыць за кожным такім выпадкам не ў сілах. Пагэтаму мы будзем толькі ўдзячны камітэту, калі ён шчыра, зацікаўлена і канструктыўна будзе ўзнімаць і дапамагаць у рашэнні гэтых і іншых задач. Кіруючыся такімі меркаваннямі я, як старшыня райвыканкама, быў у ліку тых, хто падтрымаў ідэю яго стварэння. Больш таго, з боку выканкама былі прыняты меры, каб у гэты працэс унесці арганізаванасць, папярэдзіць ад памылак. Аднак успомніце падзеі тьіх дзён. Мітынг на плошчы, людская незадаволенасць. I нашы прапановы арганізатарамі галадоўкі, а пазней і камітэта ўспрымаліся, як спроба пашкодзіць пачатай справе. Ва ўсіх нашых дзеяннях яны бачылі толькі адмоўнае, спробу выгарадзіць сябе. Відаць, па гэтай прычыне яны самастойна і паспешліва пачалі весці справу па стварэнню камітэта і дапусцілі грубыя юрыдычныя памылкі.

Як сведчыць заключэнне пастаяннай камісіі па законнасці раённага Савета, якой па даручэнню дэпутатаў было прапанавана праверыць законнасць стварэння камітэта па самакіраванню, памылкі датычаць артыкула 21 Закона. Сутнасць парушэнняў зводзіцца да таго, што пры стварэнні камітэта не была прадстаўлена большасць працоўных калектываў калгасаў і саўгасаў раёна (на сходзе прысутнічалі толькі 5 упаўнаважаных ад працаўнікоў вёскі) і асобныя калектывы гарпасёлка. А ў адпаведнасці з патрабаваннямі Закона сходы па выбранню камітэта правамоцны, калі на іх прысутнічае не менш паловы жыхароў, або 2/3 упаўнаважаных прадстаўнікоў ад працоўных калектываў.

Таму сесія прыняла адпаведнае рашэнне: «Згадзіцца з заключэннем пастаяннай камісіі, што выбранне раённага камітэта грамадскага самакіравання праведзена ў парушэнне артыкула 21 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым самакіраванні і мясцовай гаспадарцы ў Рэспубліцы Беларусь».

Такім чынам, ніякага самаўпраўства дэпутатаў, тым больш, як цяпер імкнуцца падаць сітуацыю лідэры камітэта, расправы над яго членамі не было. Гэта выдумка, а дакладней хлусня. Хлусня, якая патрэбна асобным членам гэтага камітэта, каб апраўдаць сваю юрыдычную недасведчанасць, зваліць на іншых свае памылкі. Я яшчэ раз паўтаруся: райвыканкам ніякага процідзеяння не чыніў і не будзе чыніць стварэнню на прававой аснове такой грамадскай структуры як камітэт па самакіраванню. Наадварот, мы лічым, што ў нас павінны быць агульная зацікаўленасць у рабоце, узаемадапамога і ўзаемаразуменне.

Завяршаючы пачатую на гэту тэму размову, хачу зазначыць ад сябе (аб гэтым я гаварыў і на сесіі райсавета), што практычная дзейнасць камітэта па самакіраванню, яго аўтарытэт у многім залежаў і ад канкрэтных спраў тых людзей, што ўваходзілі ў яго склад. Я перакананы ў тым, што сур’ёзнай падтрымкі з боку жыхароў раёна дзейнасць былога камітэта не атрымала таму, што сярод яго членаў і тых, хто дапамагаў яму, знаходзіліся асобныя людзі, якія сваімі справамі і ўчынкамі скампраметавалі сябе.

Гэтым я не хацеў бы кідаць цень на ўсіх членаў камітэта. Сярод іх ёсць памяркоўныя, разважлівыя людзі. Я з павагай стаўлюся да меркаванняў, прапаноў, якія выказваліся Шумоўскай В. С., Малаковічам М. М., Брэус С. Р. і іншымі. Бачна, што гэтыя людзі па-сапраўднаму заклапочаны праблемамі, якімі жыве раён, і ў іх ёсць імкненне да супрацоўніцтва. Аднак мне не зразумела пазіцыя, калі камітэт замест таго, каб разабрацца ў справе, падтрымаць тых, хто заслугоўвае маральнага права на падтрымку, збірае пад сваё крыло ўсіх «пакрыўджаных», такіх, напрыклад, як былы старшыня Казловіцкага Савета Падлужны. Не выканкам, а дэпутаты Савета адказалі яму ў даверы з-за яго непрыглядных спраў па размеркаванню дэфіцытных тавараў. Аўтарытэту гэта ні ў якім разе не дабаўляла камітэту.

Аналізуючы для сябе, чаму так здарылася, чаму ў камітэт былі выбраны асобныя не зусім кампетэнтныя і аўтарытэтныя людзі, я ўспамінаю той сход у кінатэатры, на якім ствараўся камітэт. Відаць, агульнай памылкай удзельнікаў сходу было тое, што людзей у камітэт выбіралі не па іх дзелавых якасцях, а па тым, хто больш складна і бойка мог падыграць на той агульнай незадаволенасці, якая жыла сярод людзей, хто, як кажуць, мог выліць пабольш гразі на іншых. Гавару аб гэтым таму, што хачу, каб мы і ў далейшым ва ўсіх сваіх справах кіраваліся не эмоцыямі, а разважлівасцю, ацэньвалі людзей па іх справах, а не па іх красамоўству.

I яшчэ адна дэталь: падзенню рэйтынгу папулярнасці камітэта садзейнічала тое, што ў апошні час камітэт замест арганізацыі канкрэтных спраў заняўся палітыкай, апалітызаваўся. У яго рабоце ўзяты яўны кірунак на падтрымку пазіцыі БНФ, з якім наладжаны цесныя сувязі, пастаянныя кансультацыі. Гэта, відаць, таксама не на карысць камітэту. Таму што ў людзей, ды і ў мяне самога, не стану таіць, есць сур’ёзныя разыходжанні з пазіцыяй БНФ па многіх пытаннях: і ў адносінах да зямлі, калгасаў і г. д. I сілком навязваць сваю волю, свае думкі, як гэта імкнецца рабіць старшыня камітэта Яўген Фалецкі, не патрэбна. Гэта, відаць, таксама расчаравала людзей.

Закрануўшы праблему дзейнасці грамадскіх арганізацый, дакладней партый, хачу абазначыць сваго пазіцыю, як старшыня райвыканкама. Я не супраць таго, каб у раёне дзейнічалі юрыдычна прызнаныя арганізацыі розных партый. I права кожнага чалавека выбіраць, у якой з іх яму знаходзіцца. Няхай у гэтай справе суддзёй для людзей будуць іх асабістае сумленне, жыццёвы вопыт. У адным магу запэўніць, што з боку райвыканкама не будзе ніякіх прыцясненняў за партыйную прыналежнасць. Што ж датычыць узаемаадносін райвыканкама з рознымі партыямі і рухамі, то мы будзем прытрымлівацца цвёрдай пазіцыі: супрацоўнічаць і падтрымліваць канкрэтныя практычныя справы і прапановы (звярніце ўвагу — справы, а не платформы партый), накіраваныя на павышэнне дабрабыту жыхароў раёна, рост эфектыўнасці вытворчасці, рашэнне сацыяльных праблем і г. д.

Словам, наша пазіцыя адназначная: мы будзем падтрымліваць левых, правых, цэнтрыстаў у той меры і да таго часу, пакуль іх справы не будуць пярэчыць нашым намаганням паправіць цяжкае становішча, якое лягло на плечы жыхароў раёна, садзейнічаць згуртаванасці, умацаванню згоды паміж людзьмі. Рабіць жа авансам якой-небудзь з партый паблажкі райвыканкам не мае намеру. Таму абвінавачванне, якое гучыць у мой адрас за тое, што дазволіў камуністам, прыкрываючыся шыльдай райвыканкама, развярнуць актыўную дзейнасць і садзейнічаю іх згуртаванню, беспадстаўныя, бо ў даны момант яны маюць сваю штаб-кватэру ў Хваставіцкім Доме культуры, якую арандуюць за пэўную плату.

Завяршаючы размову на гэту тэму, хачу заўважыць, што я імкнуся прысутнічаць, калі мяне запрашалі, на арганізацыйных пасяджэннях створаных у раёне партый. Быў на сходзе Сялянскай партыі і Партыі камуністаў Беларусі. Уражанні неаднолькавыя. Асабліва непрыемнае ўражанне зрабіла на мяне выступленне старшыні Сялянскай партыі, які, прыкрыўшыся лозунгам абароны інтарэсаў сялянства, крытыкуе ўсіх і разам з тым не прапанаваў нічога канкрэтнага, як паправіць становішча на сяле. Аб гэтым я і выказаўся на сходзе, што, відаць, не спадабалася старшыні Сялянскай партыі.

Няўпэўненасць пазіцый партый стрымлівае і мой выбар. На сённяшні дзень я не з’яўляюся членам ні адной з партый, якія дзейнічаюць у раёне.

I апошняе. Не магу змаўчаць, каб не адгукнуцца на тыя папрокі, якія прыходзіцца выслухоўваць мне, як старшыні райвыканкама, бываючы ў працоўных калектывах. Размова пойдзе аб кадрах. Даволі часта чуеш, што райвыканкам ухіліуся ад кадравай работы, паслабіў патрабавальнасць з кіраўнікоў. Адразу зазначу, што гэта не адпавядае сапраўднасці. Райвыканкам у рамках сваёй кампетэнцыі і магчымасцей патрабавальна адносіўся і будзе адносіцца да кіраўнікоў, якія знаходзяцца ў яго падпарадкаванні. Іншая справа, штр нашы дзеянні абмежаваны прынятымі законамі. Вы ж ведаеце, што цяпер самому калектыву дадзены правы на назначэнне і вызваленне кіраўнікоў. А гэта на практыцы прыводзіць да таго, што райвыканкам у пэўных сітуацыях аказваецца бездапаможным, не знаходзіць падтрымкі ў калектыве. Так было і з дырэктарам КБА Мяцельскім А. I., да якога было нямала прэтэнзій, але калі паўстала пытанне аб яго замене, калектыў не даў згоды; са старшынёй калгаса імя Калініна Халявай А. П. і г. д. Таму хацелася б, каб людзі самі зразумелі, што яны не ў меншай меры адказны за тое, як працуе іх кіраўнік, і былі больш прынцыповымі і больш адказна адносіліся да даручанай справы.

Думаецца, настаў час кожнаму з нас крытычна паглядзець на сябе, свае справы. Набрацца памяркоўнасці і развагі, не паддавацца зману і эмоцыям. Жыць у згодзе і не растраціць добразычлівасць, спагаду. Цяжкасцей і гора і так хапае. Чаго каштуе для раёна адна толькі трагедыя вёсак Калюга і Сельцы! Гэта наша агульнае гора. I тут патрэбны не словы, а практычныя справы, каб дапамагчы людзям хутчэй зноў зажыць па-чалавечаму.

Таму мяне здзіўляе, калі на горы нашых землякоў асобныя палітыканы імкнуцца здабыць сабе палітычны капітал. Я маю на ўвазе выказванні і абвінавачванне, якое прагучала на плошчы у Мінску (аб гэтым пісалася ў нашай газеце). На маю думку, гэта амаральна. Карыстаючыся магчымасцю, хачу сказаць шчырае дзякуй усім, хто адазваўся на бяду. Спадзяюся, што і надалей наша міласэрнасць не збяднее.
 
 

В. ШЧЭЦЬКА, старшыня райвыканкама.

Ганарар прашу пералічыць у фонд падтрымкі газеты «Радзіма».
 
 
«Радзіма» 16.09.1992 № 72
 
 
 
 
 
Категория: Kомитет самоуправления | Добавил: Vladmin (30.04.2009)
Просмотров: 1124
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: