Галоўная » Артыкулы » Kомитет самоуправления |
Хто каму служыць, або калi пагаварыць без эмоцый
Больш усяго у аб’яве аб прадстаячым мiтынгу прыцягнула ўдакладняючае “санкцыянiраваны”. Значыць, прызнаны ўладай як сродак палiтычнага дыялогу. I наўрад ва ўсiм правыя калегi з “Могилёвских ведомостей”, даўшы паведамленне аб ім пад загалоўкам “В Глуске неспокойно”. Думаецца, такі “дыстанцыйны дыягназ” некалькi перабольшаны. У душах многiх людзей сёння сапраўды неспакойна. Але цi толькi у Глуску? Калi ставiцца да праблемы з такiх геаграфiчных пазiцый, то з не меншай падставай можна сцвярджаць, што неспакойна у Слонiме, Баранавiчах i г. д. Аднак справа не столькi у вызначэннi шкалы эмоцый, колькi у самiм мiтынгу. Найбольш цывiлiзаваны варыянт iснавання любога грамадства—троеўладдзе. Заканадаўчая, выканаўчая i судовая ўлады, кожная з якiх дакладна функцыянiруе на ўзроўнях сваей кампетэнцыi. Тады нiкому i нiкога не даводзiлася б “выратоўваць”. Калi ж ва ўсёй гэтай структуры назiраюцца “праколы”, тады правамерна гаварыць аб канструктыўнай апазiцыi. Менавiта з такога пункту гледжання патрэбна ацэньваць намаганнi, першыя крокi раённага камiтэта грамадскага самакiравання. Далека не усе яшчэ атрымлiваецца. Аднак прызнання многiх землякоў члены яго заслужылi за адно тое, што сталi “першапраходцамi”. Што, атрымаўшы “паскарэнне”, пасля вядомых сёлетнiх студзеньскiх падзей робяць многае, каб умацавацца арганiзацыйна. Пераказваць змест прайшоўшага мiтынгу няма асаблiвай неабходнасцi. I не толькi, як кажуць, па прычыне даволi аб’ёмнай “фiзiчнай масы” матэрыялу. Проста многае ужо было вядома, не раз “азвучана i апiсана”. У асноўным тыя ж прозвiшчы, факты, абвiнавачваннi... Яны яшчэ раз былi названы у выступленнях Д. Р. Руднiк, Я. Р. Фалецкага, В. В. Вярыгi, А. М. Фастаўца, Р. Г. Грыгор’ева... Таму замест ярлыкоў i аналiзу лiтаральна некалькi заўваг аб такту i тактыцы, некаторых арганiзацыйных момантах. Па-першае, амаль усiм выступленням не хапала рамак рэгламенту. Можа, таму у большасцi сваей былi перанасычаны аднароднымi фактамі. Яны часам так распаўзалiся, што ужо нават цяжка было нанiзаць на нейкi сэнсавы стрыжань. Большая лаканiчнасць, мэтанакiраванасць зрабiлi б iх больш пераканаўчымi. Не вельмi спадабалася i некаторая катэгарычнасць тону, ацэнак, якiя не-не ды i прарывалiся. Па меншай меры старамоднай здалася лексiка 17-га года на плакаце “Господа буржуи, прекратите беспредел”. Але тут, як гаворыцца, справа густу. Таму скажу аб тым, што блiжэй. Аб рэзкiх словах, прагучаўшых у адрас раённай газеты, мяжуючых з абразай. Безумоўна, не такiя ужо мы беспамылковыя. Аднак, думаецца, заслужылi больш паважлiвых адносiн, чым тых, што пачулi на мiтынгу. I на пытанне аднаго з плакатаў: “Сотрудники газеты, кому вы служите?” без залiшняга пафасу адкажам: хацелася б верыць, што народу. Дарэчы, той жа самы народ “прагаласаваў” за нас матэрыяльнай дапамогай, якая I спатрэбiлась журналiстам у такі нялёгкi для iх час. Суботнiк, прайшоўшы у красавiку у падтрымку раёнкi, — таксама пераканаўчае таму пацвярджэнне. А подпiс пад шматлiкiмi матэрыяламi: “Ганарар за публiкацыю аўтар просiць пералiчыць у фонд падтрымкi раённай газеты”?.. Паверце, гэта таксама волевыяўленне таго ж самага народа. Аднак не станем затрымлiвацца на стадыi вытлумачэння адносiн. Не занадта прыемны гэта занятак. Проста хочацца спадзявацца, што мы ўсё ж нарэшце навучымся ставiцца адзiн да аднаго больш паважлiва. Бiчуй грэх, але не дабiвай грэшнiка. Дарэчы, як цяжка размаўляць на мове канфрантацыi, напэўна, адчулi i арганiзатары мiтынгу. Маю на ўвазе той момент, калi на iмправiзаванай трыбуне раптоўна разгарэлiся страсцi каля мiкрафона i спатрэбiлася нямала намаганняў, каб накiраваць размову у належнае рэчышча. ...Прайшоў мiтынг. Адным ён спадабаўся больш, другiм— менш. Упаўне прагназiруемая рэакцыя. Адны расказалi аб сваей дзейнасцi, планах, другiя ж — паслухалi. Хто хацеў, выступiлi, хаця такiх на першы раз аказалася нямнога. Пакуль атрымаўся у асноўным маналог i да дыялогу прадстаiць прайсцi свой шлях. А яшчэ лепш, калi у перспектыве агульны iнтарэс прывядзе тых, хто крытыкуе i тых, каго крытыкуюць, да “круглага стала”. Гэта, безумоўна, у тым выпадку, калi на ўзбраенне ўзяць дэвiз, якi прагучаў у вуснах аднаго з гасцей мiтынгу: “Жывi, Беларусь!”. Калi мы сапраўды хочам, каб у рэспублiкi, раёна было будучае, то не павiнны абмяжоўваць сваю дзейнасць толькi абвiнавачваннямi. Гэты этап не самы складаны. Значна цяжэй агульнымi намаганнямi i у агульнай згодзе выпрацаваць i прапанаваць працаўнiкам раёна канструктыўную праграму. I абавязкова дзеля гэтага на ўсiх ўзроўнях трэба захоўваць пачуццё адказнасцi, шчырую заклапочанасць заўтрашнiм днём, элементарную прыстойнасць. Каб i кiраўнiкi ўсiх рангаў, i радавыя працаўнiкi былi заклапочаны не тым, каб уварваць ды “прыхватызаваць” пабольш, а зрабiць усе магчымае, каб з найменшымi стратамi выйсцi з таго становiшча, у якім мы усе сёння апынулiся. На прайшоўшым мiтынгу прынята рэзалюцыя, вызначаючая праграму камiтэта на блiжэйшую перспектыву.
Н. БАРЫСАЎ
“Радзіма” 27.06.1992 | |
Категория: Kомитет самоуправления | Добавил: Vladmin (20.04.2009) | |
Просмотров: 751 |
Всего комментариев: 0 | |