Галоўная » Артыкулы » Kомитет самоуправления |
Пазіцыя Нюансы прыватызацыі
Некаторы час назад у камітэт грамадскага самакіравання паступіла інфармацыя аб тым, што начальнік Глускага РАУС У. Р. Ільянкоў, выкарыстоўваючы службовы стан, набыў для сябе аўтамабіль «Волга», належачы аддзелу ўнутраных спраў. А яго намеснік С. А. Дзяшчэня — УАЗ-469. Акрамя таго стала вядома, што ВАЗ-21063, выдзеленую для патрульна-паставой службы, начальнік РАУС замацаваў за сабой. 3 мэтай праверкі фактаў звярнуўся да міністра ўнутраных спраў рэспублікі Ягорава. Такой інфармацыяй заняліся і супрацоўнікі УУС Магілёўскага аблвыканкома.
Двойчы для выкладання вядомых мне фактаў выклікалі мяне ў РАУС. У час другога візііту растлумачылі: «Волга» лічыцца на балансе калгаса імя Калініна. Гаспадарка ж прадала яе калгасніку калгаса «Зара» Р. Праскурнічаму з Касарыч. На маю прапанову самому паглядзець «Волгу» адказалі: «Нам не верыш?.. Яна і бітая, і гнілая...» Аднак настойваў на сваім і мы паехалі разам з начальнікам ДАІ А. I. Сілічам. Толькі чамусьці не ў Касарычы, а ў Даколь калгаса «Гвардыя». Мне растлумачылі: у Праскурнічага няма гаража і машыну ён трымае ў сваяка з Даколі. Але стаяла яна ў гаражы калгаснай майстэрні. Побач з машынай — новенькі рухавік. Пытаюся ў вадаіцеля, які возіць старшыню калгаса, ці даўно тут «Волга»? «Не ведаю», — адказвае. Відаць, забыліся яго праінструкціраваць. Калі вярнуліся ў РАУС, мне задалі пытанне: «Ну што, тая «Волга»? Так, кажу, толькі зусім не гнілая, ды і рухавік новы для замены стаіць. «Прабіўным» калгаснікам аказаўся цесць начальніка міліцыі Праскурнічы. Словам, некалькі год назад райвыканком прыняў пастанову перадаць у міліцыю «Волгу». Трэба ж дапамагчы з транспартам. А шэфскую дапамогу па абслугоўванню яе ўзяў на сябе калгас імя Калініна (запчасткі і г. д.). А ў Не ўтрымаўся ад спакусу і намеснік начальніка РАУС С. А. Дзяшчэня, вырашыўшы прыватызаваць УАЗ-469. Той, што набыты для міліцыі эксбазай «Глуск». Дакументы аформілі як для РАУС, а рамонт намеснік начальніка зрабіў за свой рахунак. Ды і «прапісаў» затым ва ўласным гаражы аж на 4 месяцы да праверкі. Цяпер некалькі слоў пра «Жьігулі» для кантрольна-паставой службы. Відаць, давядзецца патрулям яшчэ пешшу пахадзіць. Служба хоць цяжкая, небяспечная, але і тэхніка дарагая.
В. Вярыга.
АД РЭДАКЦЫІ. Згадзіцеся, матэрыял дастаткова сур’ёзны, каб пакінуць яго без увагі. Таму, калі ён ужо быў падрыхтаваны да друку, папрасілі пракаменціраваць яго змест старшыню райвыканкома В. У. ШЧЭЦЬКА. Зыходзілі ў першую чаргу з таго, што раённы аддзел унутраных спраў падуладны райвыканкому і ацэнка сітуацыі з боку апошняга ўяўлялася вельмі важнай. — Факты, аб якіх ідзе размова, — гаворыць В. У. Шчэцька, — сталі відавочнымі, аб асноўным сказана ў пісьме і паўтарацца няма неабходнасці. Сітуацыя абмяркоўвалася на ўзроўні міністра ўнутраных спраў рэспублікі, ва ўпраўленні ўнутраных спраў аблвыканкома інфармацыя правяралася. I начальнік, і яго намеснік прыцягнуты да дысціплінарнай адказнасці. Гэта што непасрэдна датычыць зместу пісьма. Аднак хочацца выкарыстаць яго як повад для больш шырокай размовы. Цераз асобныя факты, што называецца, выйсці на абагульненне. Пагаварыць аб маральнай адказнасці тых, чые ініцыятыва, знаходлівасць прыкметна павышаюцца, калі справа датычыць іх уласнага дабрабыту. Днямі, напрыклад, сустрэўся з сітуацыяй, якая літаральна ўзрушыла. Ідучы па вуліцы, выпадкова заўважыў на «Масквічы» райкома камсамола прыватны нумар. Пачаў высвятляць, і выявіўся факт грубага парушэння закона, з якім будзе разбірацца пракуратура. Сакратар райкома камсамола А. Буйчык самавольна аформіў фіктыўны пратакол бюро з пастановай аб продажы яму аўтамабіля. Прычым усяго за 45 тысяч рублёў пры кошце у 200.000 (сённяшняя цана). Хто ж так ацаніў? Аказваецца, аператыўна сабраў і камісію па ацэнцы, у складзе якой у асноўным сябры і добрыя знаёмыя. Не палічыў патрэбным праінфармаваць аб сваім рашэнні і абком камсамола. Да месца задаць пытанне: ці можа такі чалавек узначальваць маладзёжную арганізацыю? Які прыклад ён паказвае моладзі? Аднак, зразумела, вырашыць падобнае пытанне павінны тыя, хто яго выбіраў. Размова ідзе аб пленуме райкома камсамола з такой павесткай дня. Для мяне ж адказ гучыць адназначна: наўрад ці патрэбны маладым такія лідэры. Ды ці толькі маладым? Хіба можа выклікаць сімпатыі людзей старшыня калгаса імя Калініна А. П. Халява, раз’язджаючы на такім жа вось чынам «прыватызаванай» «Волзе»? Або яго калега Я. Ф. Доўбік з калгаса «Гвардыя», будуючы сабе дом большы за мясцовы дзіцячы садзік? Такія факты можна называць і яшчэ. Ці мала ў раёне, скажам, кіраўнікоў, якія, мякка кажучы, захапіліся будаўніцтвам уласнага жылля на грошы працоўных калектываў. Пры ўсім тым, што маюць нядрэнныя жыллёвыя ўмовы. Але пытанне хочацца перанесці ў іншую плоскасць. У прыватнасці, спытацца ў членаў тых працоўных калектываў, дзе адбываюцца такія выпадкі: чаму не ставіце заслон? Чаму не кантралюеце? Такія правы ў вас ёсць, трэба толькі імі смялей карыстацца. Мы ж толькі абмяжоўваемся канстатацыяй фактаў. Безумоўна, пры такім падыходзе цяжка будзе змагацца з негатыўнымі з’явамі. Становішча ўскладняецца тут яшчэ і па іншай прычыне. Раней як было? Каб чалавек меў права купіць такім вось чынам машыну, абавязкова неабходна было рашэнне выканкома. Аднак і гэта не ўсё. Патрэбна было яшчэ паехаць у Бабруйск, дзе спецыяльная кваліфікаваная ацэначная камісія вызначыла б цану. Зараз такі, на мой погляд, лагічны і рацыянальны падыход адменены і адразу пачаліся злоўжыванні. Некаторыя хутка сарыентаваліся: калі міжраённая аўтамотастанцыя рэгіструе без нашых дакументаў, то чаму б і не «абысці» нас. I, як бачыце, абыходзяць. Яно зразумела: час зараз і сапраўды па многіх аб’ектыўных прычынах няпросты. Аднак пры ўсім тым павінны ж быць і нейкія ўнутраныя тармазы, бо прыстойнасць яшчэ ніхто не адмяняў, ніводны закон. I нарэшце яшчэ адзін немалаважны момант. Яўна прамаруджвае з прыняццем дакладных законаў, у тым ліку і наконт прыватызацыі Вярхоўны Савет рэспублікі. Упэўнен, будзь яны больш дасканалыя, лазеек і спакусаў было б значна менш. Гэта датычыць і тых праблем, аб якіх мы зараз гаворым, і дзейнасці малых прадпрыемстваў з абмежаванай асабістай адказнасцю. Тут, паверце, таксама ўзнікае, як кажуць, нямала нюансаў. Словам, прадмет для размовы сапраўды ёсць, і сур’ёзнай. I яшчэ раз падкрэсліваю: яе лягчэй будзе весці, калі народны дабрабыт, адносіны да яго стануць нашай агульнай справай.
“Радзіма” 24.06.1992
| |
Категория: Kомитет самоуправления | Добавил: Vladmin (14.04.2009) | |
Просмотров: 787 |
Всего комментариев: 0 | |