Галоўная » Артыкулы » Kомитет самоуправления

Што адбілася ў люстры?

Вяртаючыся да надрукаванага

ШТО АДБІЛАСЯ Ў ЛЮСТРЫ

 

 

У канцы студзеня ціхую ўскраіну Магілёўшчыны — Глуск — ускалыхнула небывалая падзея: сядзячая галадоўка ля будьінка райвыканкома вадзіцеля мясцовай газавай гаспадаркі, а таксама яго пагроза ў выпадку невыканання патрабаванняў публічна спаліць сябе, пакінуць сіротамі двух малалетніх дзяцей, а жонку — удавой.

Нечакана, мажліва, толькі для мясцовых улад, да пратэстуючага далучыліся шматлікія глушчане, і ў выніку галадоўка вадзіцеля вылілася ў мнагалюдную «разборку» з уладамі на мітынгу. Аб гэтым «МП» расказвала ў рэпартажы «Глуск як люстра новай рэвалюцыі?» (№ 18 за 1 лютага г.г.).

Як пісаў паэт, «той ураган прайшоў». I мы вырашылі вярнуцца да тых падзей, каб прасачыць іх вынікі сёння.

Калі памятае чытач, галоўным патрабаваннем на мітынгу стала змяшчэнне з пасад старшыні праўлення райспажыўсаюза Р. Е. Папкова, яго намесніка па гандлю А.С.Аўчыннікавай, намесніка старшыні райвыканкама Л. А. Клыга. Тады раённае кіраўніцтва ў асобе старшыні райвыканкама В. У. Шчацько шукала кампраміс, імкнулася збіць мітынговы запал. У прынцыпе, імкненне правільнае. Бо калі б усё можна было так проста вырашаць на мітынгах, не клапоцячыся аб законнасці вынасімых рашэнняў… Чаго прасцей: сабраліся і «прыгаварылі». Тады раённы «галава» паабяцаў ва ўсім дэталёва разабрацца, паступіць і па справядлівасці, і па закону. Прапанаваў тут жа адразу стварыць сумесныя з грамадскасцю камісіі. А выйшла...

У выніку бурных дэбатаў ужо ў кінатэатры (на вуліцы прыціскаў маразок) з’явіўся камітэт грамадскага самакіравання. Назваць падобнае фарміраванне можна па рознаму. Справа не ў назве. Галоўнае, роля і функцыі гэтага камітэта - тыповага дзіцяці мітынговай дэмакратыі — застаюцца не зусім зразумелымі. Лагічна разважаючы, калі камітэт — орган, альтэрнатыўны раённаму і пасялковаму Саветам народных дэпутатаў, то, па-першае, ён павінен валодаць рэальнай уладай, а, па-другоё, калі ен ёй валодае, дык у наяўнасці дваеўладзе у такім выпадку. А гэта ўсё роўна, што адсутнасць усялякай улады.

Аказваецца, усё куды больш проста. Райсавет надзяліў камітэт грамадскага самакіравання паўнамоцтвамі, у прыватнасці, правам праверкі дзейнасці прадпрыемстваў і ўстаноў, чым апошні і задаволіўся. Яшчэ б! З’яўляюцца зараз у любую арганізацыю такія вось «народныя прадстаўнікі» з патрабаваннем: «Ну-тка, пакажыце!..» I няхай кіраўнікі стогнуць, бо такія праверкі ўзрушаюць калектыў, зніжаюць яго працаздольнасць на дні і тыдні, па прычыне некампетэнтнасці правяраючых параджаюць чуткі і плёткі, затое захоўваецца бачнасць дэмакратыі. Адных гэта задавальняе тым, што не было ніякіх правоў — і раптам нейкія з’явіліся, а другіх тым, што «дзіця» цешыцца і не плача.

Але за кіраўніцтва раённым гандлем абедзве інстанцыі ўзяліся не жартам. I сапраўды, павінен жа быць нехта ў ролі «ахвяравальнага ягняці». А гандаль зараз - сфера самая ўразлівая: нідзе нічога няма, а калі і з’яўляецца нешта, то ўсім не хапае. Хто вінаваты? Вядома, гандляры. Там і карупцыя, і “блат”, і падман.

Я далёкі ад таго, каб ісці ў адвакаты да работнікаў гандлю. Але барацьба за справядлівасць і законнасць не можа весціся несправядлівымі, а то і незаконнымі метадамі. 3 такой пастаноўкай пытання, высвятляецца, згодныя ўсе. I тым не менш...

З прэтэнзіямі глушчан да бытавога абслугоўвання вырашылі разабрацца такім чынам: правесці сход калектыву райбыткамбіната і паставіць на ім пытанне аб адпаведнасці займаемай пасадзе яго дырэктара. Бытавікі не пажадалі развітвацца са сваім кіраўніком, і яго пакінулі ў спакоі. Ні камітэт, ні райвыканкам ніякіх прэтэнзій больш не выстаўлялі. Іншая справа — кіраўнікі гандлю.

Праўда, такую выбарачнасць Віктар Уладізіміравіч Шчацько тлумачыць тым, што, скажам, за старшынёй праўлення райспажыўсаюза Папковым інтарэсы 11,4 тысячы пайшчыкаў, у той час, як за кіраўніком КБА толькі калектыў. Але з гэтай логікай наўрад ці можна пагадзіцца, бо ў добрай рабоце бытавікоў у роўнай меры зацікаўлены ўсе жыхары Глушчыны. А іх больш за пайшчыкаў. Аднак, думаецца, варта выслухаць аргументы абодвух бакоў: і старшыні праўлення райспажыўсаюза, і кіраўніка раённай савецкай улады.

— Думалі, што мітынговыя страсці улягуцца, — зазначыў старшыня райвыканкома В. У. Шчацько, — і можна будзе ва ўсім спакойна разабрацца. Але падзеі пачалі развівацца у іншым русле. Камітэт грамадскага самакіравання падаў заяўку на правядзенне раённай канферэнцыі пайшчыкаў і яшчэ аднаго мітынгу. Каб зрабіць усё ў рамках законнасці, вымушаны былі кансультавацца ў юрыдычным аддзеле Савета Міністраў рэспублікі. I вырашылі пачаць з нізоў, «пайсці ў народ», каб даведацца аб яго меркаваннях наконт даверу старшыні праўлення райспажыўсаюза. Зараз такія сходы праходзяць ва ўсіх гандлёвых аб’яднаннях і сельпо. Праўда, іх правядзенне ў прававых адносінах вельмі цяжка суадносіцца са Статутам спажыўкааперацыі. Але калі дзейнічаць строга па Статуту, то пайшчыкі наогул застаюцца ў баку ад абароны сваіх інтарэсаў. Таму мы вырашылі ўсё ж сходы праводзіць.

Што датычыць прэтэнзій да Рыгора Емяльянавіча Папкова на мітынгу, то яны ў многім абгрунтаваныя. Машыну, праўда, старую, але ж і за суму, якую можна назваць сімвалічнай, ён купіў. Гэта факт. Як факт і тое, што ніякіх юрыдычных норм пры гэтым не нарушана. Дом яму пабудавалі за сродкі спажыўкааперацыі. Але таксама з дазволу і ведама аблспажыўсаюза, які пераводзіў яго ў наш раён на работу з Кіраўска. Што ж датычыць дачы, то яе ў старшыні райспажыўсаюза няма. Будавалі дом для сям’і зяця за сродкі мясцовага аўтапрадпрыемства, дзе ён працуе шафёрам...

А вось меркаванні Р. Е. Папкова.

— На мітынгу, калі гучна крычалі «Далоў!», «Да адказнасці!»і я быў на трыбуне і чакаў тых прэтэнзій, на якіх і грунтаваліся гэтыя сур’ёзныя абвінавачванні і патрабаванні. Аднак нічога, акрамя пытанняў наконт курава, наконт таго, якую сям’ю лічыць мнагадзетнай і прадастаўляць ёй ільготы, і яшчэ некалькіх, не дачакаўся. Склалася ўражанне, што патрабуюць прыцягнуць да адказнасці, але не ведаюць, за што.

Між тым, райвыканком адразу павёў такую палітыку, каб старшыню райспажыўсаюза, паводле жадання мас, звольніць. Прычым, аргументы здаваліся нябітым козырам. Ёсць парушэнні ў гандлі? Ёсць. Як і усюды, яны зыходзяць ад нядабрасумленных людзей. Толькі летась мы больш за 50 чалавек пакаралі дысцыплінарна, 13 асуджаны народным судом.

Ездзілі работнікі райспажыўсаюза ў Польшчу? Ездзілі. А як я мог забараніць ім гэта? На законных падставах ездзілі, у лік або ў час водпуску. Дарэчы, медыкі і настаўнікі наведвалі Польшчу больш, але да іх прэтэнзіі ніхто не прад’яўляе, у віну ім гэта не ставіць.

Аб добрым таксама ніхто не ўспамінае. Колькі намаганняў старшыня райспажыўсаюза паклаў, каб стварыць матэрыяльную базу гандлю ў раёне. Аб тым, што зараз у нас незавершанага будаўніцтва на 15 мільёнаў рублёў, а весці яго вельмі няпроста, ніхто не дбае. Вось старую дабітую «Волгу», якую я два гады аднавіць не магу, успомнілі, катэджы дьі дачы прыплялі...

Бачачы такую сітуацыю, я напісаў заяву аб вызваленні ад абавязкаў старшыні праўлення райспажыўсаюза да бліжайшага паседжэння савета райспажыўсаюза, які, згодна са Статутам, выбірае старшыню, а таксама паўнамоцны пазбаўляць яго пасадьі.

Такі савет адбыўся. Прысутнічала на ім каля ста чалавек, хаця членаў савета абрана толькі 41 (удзел у галасаванні прынялі 36). Пасля справаздачы і абмеркавання прайшло тайнае галасаванне, пры якім 27 чалавек выказаліся за падтрымку старшыні райспажыўсаюза, а 9 — супраць. Прысутнічалі на пасяджэнні савета і члены камітэта грамадскага самакіраваняя. І пасля таго, як выйшла не па-іхняму, пачалася работа па фарміраванню недаверу ужо савету райспажыўсаюза, сталі праводзіцца розныя сходы пайшчыкаў, якія незаконныя, супярэчаць Статуту спажыўкааперацыі. Але на гэта ніхто ўвагі не звяртае...

Праўду сказаць, да аргументаў і таго, і другога я стаўлюся з пэўнай доляй скепсісу. У кожнага свая мэта, таму непрадузятасці чакаць не даводзіцца. Старшыня райвыканкома не хоча паўтарэння студзеньскіх падзей, бо невядома яшчэ, якія патрабаванні будуць у іх вылучаны. Ды і навошта людзей бударажыць. Ці не лепш кампрамісамі, супрацоўніцтвам дасягнуць узаемаразумення. Няхай нават у нечым парушаючы закон, ахвяруючы прынцыпамі ўлады.

Але ж выйграючы у адным, застаешся ў пройгрышы ў нечым іншым. Пагарджаючы законам, і да неразбярыхі недалёка.

У сваю чаргу, і старшыня праўлення райспажыўсаюза пакутуе ад пытання: чаму аб’ектам ахвяравання павінен быць ён? Хопіць таго, што звольнілі яго намесніка па гандлю А. С. Аўчыннікаву. Намесніка ж старшыні райвыканкома Л. А. Клыга сесія райсавета не вызваліла ад пасады, запатрабавала доказаў яе незаконных дзеянняў, хаця мітынгуючыя патрабавалі адстаўкі.

Карацей, у кожнага свае аргументы і факты. Адны здаюцца пераканаўчымі, іншыя — не вельмі. Асабіста я не лічу аб’ектыўным крытэрыем сходы пайшчыкаў, на якіх выносіцца вердыкт аб даверы або недаверы кіраўніку райспажыўсаюза. Вяскоўцы яго ў большасці і ў вочы не бачылі, як і многіх з раённага начальства. Паабяцай ім, што варта некага зняць з пасады — і адразу стане лепш жыць, многія прагаласуюць. Людзі стаміліся ад гаварыльні, абяцанняў, запэўніванняў.

Але пры ўсім тым, калі ацэньваць аб’ектыўна студзеньскі мітынг да лепшага змяніў грамадскую атмасферу ў раёне. Па-іншаму пачаў глядзець на кіруючыя кадры і райвыканком. У прыватнасці разабраліся з будаўніцтвам імі жылля. Высветлілася, што загадчыца аддзела культуры райвыканкома на дваіх з сынам, бо з мужам шлюб скасаваны, будуе дом плошчай 180 квадратных метраў, прычым за сродкі дзяржавы. Горш таго, каб не адабралі недабудаванае жыллё, хуценька яго прыватызавала, зразумела, па вельмі нізкай цане.

Выканком райсавета вынес рашэнне аб вызваленні яе ад займаемай пасады, скасаванні дагавору прыватызыцыі і высяленні з дома. Аднак сесія райсавета гэтае рашэнне не зацвердзіла, а справа аб высяленні дайшла да народнага суда. Відавочна, тут дэмакратыя скончылася: трэба і меру ведаць.

Да гонару, выканком і яго старшыня В. У. Шчацько справу не кідаюць. Займаюцца i іншымі праверкамі. Дзе ў саміх сіл не хапае, звяртаецца за дапамогай да кампетэнтных органаў. Вось такой бы абгрунтаванай і пастаўленай на падмурак законнасці рашучасці ва ўсім. Тады б і ўладу ўсе лічылі за сапраўдную. Без усялякіх дапаможных камітэтаў.
 
 
В. Кубека.
 
 
Пакуль гэты матэрыял рыхтаваўся да друку, рэдакцыі стала вядома, што старшыня праўлення райспажыўсаюза Р. Е. Папкоў звольніуся з пасады. Цікава, чыя гэта перамога: дэмакратыі ці раённага кіраўніцтва?
 
 
“Магілёўская праўда” 16.04.1992
 
 
 
 
 
Категория: Kомитет самоуправления | Добавил: Vladmin (21.03.2009)
Просмотров: 943
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: