Галоўная » Артыкулы » Общество

Глушчына. Але не глуш

Маршруты па Беларусі

Глушчына. Але не глуш

 

 

 

 Як і ў Мінску. Толькі паветра чысцейшае. Вандруем па маршруце Завалочыцы—Гарадок—Калацічы—Глуск разам з Сяргеем Харэўскім.

 

 

 

Глушчына — край чысты і маляўнічы, працяты млявай, але паўнаводнай   Пціччу, што віхляе па нізкіх смарагдовых паплавах. Уздоўж яе берагоў   усё даўно абкультурана, асушана і абкошана. Але варта ад’ехаць ад   Пцічы паўтузіну кіламетраў убок,  

 

 

 

і вас абступяць старыя калматыя лясы, поўныя ягад і грыбоў…   Паветра тут абсалютна чыстае. 

 

 

 

Да чыгунак далёка. А вось нафту здабываюць! Тутака ёсць больш за 20   свiдравiн, што эксплуатуюцца. На сапраўдных нафтавых вышках, рыхтык   як у Азербайджане, iдзе здабыча сыравіны, што потым трапляе ў   30-кiламетровы нафтаправод. Глускi раён — адзiны ў Магiлёўскай   вобласцi, дзе здабываюць нафту. 

 

Як з’ехаць з колішняга Варшаўскага тракту, паміж Глушаю і Старымі   Дарогамі, на поўдзень, то адразу і будуць Завалочыцы. Там можна   паглядзець колішні панскі маёнтак Жылінскіх са старадаўнім палацам,   і курганы, курганы, курганы па ваколіцах…. 

 

Вялікі прыгожы палац — і цяпер галоўная рэліквія і гонар   Завалочыцаў. Пакаштуйце, калі пашчасціць, завалачанскага мёду і   малака, прайдзіцеся па ваколіцах, старых могілках, берагамі Пцічы,   усцяж сакаўных паплавоў, пасядзіце надвячоркам з вудаю… 

 

За Завалочыцамі, як пераехаць новую шашу на Бабруйск, можна заехаць   у Дварэц, сімпатычную, але цяпер ужо лядашчую вёску. Тут таксама   застаўся рамантычны старасвецкі парк, рэшткі вялікага палацу, колькі   старадаўніх будынкаў між прысадаў. Гэта была яшчэ адна сядзіба   Жылінскіх, але летняя, для адпачынку. Стары драўляны палац неўзабаве   разваліцца дарэшты… Разьбяныя ліштвы, рэшты элеганцкае шалёўкі,   аканіцы, драўляныя карункі ўдоўж гзымсоў. А на экзатычнай старой   лістоўніцы буслы збудавалі гняздо. Каб жа ж і людзям узяць прыклад   ды не даць прапасці такому помніку, ашчадна дагледзець яго, як бусел   сваю буслянку. Тут чысцюткія ваколіцы, экзатычны стары парк, колькі   азёрцаў, шыкоўныя краявіды разлогаў над Пціччу… Няма толькі   гаспадара. 

 

Недалёка ад Дварца, пры павароце на сам Глуск, ляжыць над Пціччу   вёска Гарадок. У яе ваколіцах знойдзена два дзесяткі курганоў   бронзавага веку. Курганы, пагоркі, валатоўкі тут паўсюль. Ды і сам   Гарадок стаіць на высокім пагорку, над стромым берагам Пцічы, што   адсюль робіцца раптам шырэйшаю і глыбейшаю. 

 

На заходняй ускраіне вёскі стаіць самы стары храм, адзіны ацалелы па   савецкай уладзе не толькі на Глушчыне, але і на ўсіх берагах Пцічы.   Казьмадзям’янаўскую царкву пабудавалі ў 1814 годзе ў гонар перамогі   над Напалеонам. 

 

 

 

Царква ў Гарадку — унікальны для рэгіёну помнік дойлідства з   выкарыстаннем элементаў класіцызму. 

 

 

 

Храм на высокім падмурку складаецца з малітоўнай залы пад вялікім   купалам, пяціграннай апсіды, званіцы і бабінца. Галоўны ўваход   зроблены як класічны порцік. Унутры купал падтрымліваецца слупамі. У   Казьмадзям’янаўскай царкве засталіся й цікавыя разьблёныя аздобы. За   царом у Гарадку быў самы вялікі ў ваколіцах прыход. Дзіва, але за   сваю амаль дзвюхсотгадовую гісторыю гэтая царква ніколі не   зачынялася. Нават за саветамі — тутэйшы святар, айцец Георгій   Семянюк, быў ветэранам вайны і здолеў адстаяць свой прыход. Царква   да сёння застаецца самай шанаванай святыняю, да якой імкнуцца   пілігрымы. Перадусім на 14 лістапада, тутэйшае прастольнае свята.  

 

Калі ехаць далей уздоўж Пцічы, пад самым Глускам будзе вёска   Калацічы. Цяпер яе прахарашылі, абралі ў якасці ўзорнага   аграгарадка, то бок увалілі грошай… Дом культуры робіць уражанне.   Тут цяпер дзейнічае ажно тузін клубаў і фальклорных калектываў! 

 

А ў гісторыю нашае культуры Калацічы ўвайшлі перадусім як радзіма   Альгерда Якуба Абуховіча, графа Бандынэлі, аднаго з пачынальнікаў   нашае новае літаратуры. Абуховіч пражыў незвычайнае жыццё — вучыўся   ў Слуцкай кальвінісцкай гімназіі, доўга жыў у Жэневе, браў удзел у   паўстанні 1863 г., быў высланы ў Сібір, а па вяртанні настаўнічаў у   Слуцку. У Калацічах помніка Абуховічу пакуль няма. Але жыве   найсакавіцейшая, сапраўдзічная нашая мова. І мясціны тут сапраўды   прыгожыя. 

 

Пакуль у Глуску ўсталявалі помнік толькі Сяргею Грахоўскаму.   Дзіцячыя, школьныя гады ягоныя прайшлі менавіта ў гэтым мястэчку,   якому ён прысвяціў немалую частку сваіх твораў. Помнік стаіць на   светлым і дагледжаным бульвары пасярод мястэчка. Наагул гэты бульвар   — сапраўдны гонар Глуску. Тут і разнастайныя, часам дзіўныя аздобы,   і шыкоўныя кветнікі. 

 

Глуск — старажытнае мястэчка, што згадваецца ўжо з ХV стагоддзя. У   XVII ст., калі горад быў дазвання знішчаны казакамі, князі   Палубінскія пабудавалі тут магутную мураваную цытадэль з бастыёнамі.   Маштаб замку быў такі, што сёння пасярэдзіне лёгка змясціўся раённы   стадыён. 

 

 

 

У Глуску і сёння вам апавядуць пра падземныя хады са скарбамі, пра   шкілеты, чарапы, невераемнай даўжыні лабірынты… 

 

 

 

У Сяргея Грахоўскага ў апавяданні «Касцёл» гаворыцца, што нібы дзед   казаў, што ад касцёлу да Гарадку ідзе патаемны ход, у які схаваныя   жалезныя куфры з золатам і каштоўнымі камянямі, там жа замуроўвалі   ворагаў і здраднікаў, душы якіх стогнуць па начах. З замкавых валоў,   усярэдзі¬не якіх схаваныя мураваныя пераходы, адкрываецца велічная   панарама пцічанскіх паплавоў, навакольных палёў, перадмесцяў…  

 

Усё ХVIII ст. Глуск належаў Радзiвілам, трапляючы то ў Менскае   ваяводства, то ў Наваградскае. Няпэўнасць пры межах працягвалася і ў   ХХ ст., калі Глускі раён трапляў то ў Бабруйскую, то ў Палескую, то   ў Мінскую вобласці. Мо таму тут не так усё пераламалі, як у іншых   гарадах. У Глуску засталася старадаўняя планіроўка, тузін старых   камянічак, багата драўлянай местачковай забудовы, дзе кожны дом —   сам сабе пан, выглядае па-свойму. То бок самавіты дух, старасвецкую   атмасферу Глуск захаваў да нашых дзён. 

 

 

 

У кафетэрыях ад самага рання можна выпіць добрай духмянай кавы, у   рэстарацыі — няблага падсілкавацца, у крамах — набыць любыя   прадукты. 

 

 

 
Такая-сякая гасцініца, вялікі рынак, дзе ўсё толькі самае-самае   свежае. На ходніках — усюдыісны бетонны брук, у вокнах — шклопакеты.   Як і ў Мінску. Толькі ў Глуску трава гусцейшая і паветра чысцейшае…
 
 

 

Завалочыцы
Вядомыя з 1626 як сяло ў складзе маёнтку Глуск Дубровіцкі. Тут быў і ўласны касцёл, філіял Глускага бернардынскага касцёлу. У XVIII ст. Завалочыцы былі цэнтрам вялікага маёнтку, што належаў панам Быкоўскім. За царом маёнтак набылі Жылінскія, якія разбудавалі тут вінакурны завод. Апошні завалачанскі пан, Язэп Жылінскі, быў вядомым геадэзістам. У 1873 быў прызначаны загадчыкам экспедыцыі па асушэнні пінскіх балотаў. У ягоным маёнтку аканомам рабіў Гедымін Булгак, муж роднай сястры Ф.Дзяржынскага Альдоны. Зрэшты, гэтая акалічнасць ніяк не абараніла Завалочыцьі ад бальшавіцкіх рэпрэсіяў. У 1922 у маёнтку Завалочыцы створаны першы на Глушчыне саўгас. Слава якасных тутэйшых прадуктаў ад панскага часу была вялікаю. Да 1950-х увесь ураджай гародніны і садавіньі, тутэйшы мёд адпрауляліся проста у Мінск.

 

 

 

Сяргей Харэўскі

 

"Наша Ніва” 15.07.2009

 

 
 
 
Царква ў Гарадку — унікальны для рэгіёну помнік драўлянага дойлідства
 
 
 
 
 
Кахля, знойдзеная падчас раскопак глускага замку
 
 
 
 
 

Лёхі Глускага замку

 

 

 
 
 
 
 
 
 
Категория: Общество | Добавил: Vladmin (30.07.2009)
Просмотров: 1884
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: