Галоўная » Артыкулы » Культура

Каляды

Каляды

У старажытнасці новы гадавы цыкл пачынаўся ў дзень веснавога раўнадзенства, а з другой палавіны XVI ст. (калі ўся Еўропа перайшла на новае летазлічэнне — грыгарыянскі каляндар) пачатак года быў перанесены на дзень зімовага сонцастаяння, да якога і былі прымеркаваны Каляды.

Жанчыны вёсак Старое Сяло, Катка, Слабодка, Касарычы расказвалі, што Каляды былі вялікім і доўгачаканым святам, у падрыхтоўцы якога прымалі ўдзел і малыя, і дарослыя. Веска ажывала пасля чатырохтыднёвага посту, пад час якога забараняліся гульні і ігрышчы, трэба было прытрымлівацца строгіх абмежаванняў у ежы. Асноўнымі стравамі гэтага часу, расказала Яўгенія Фядосаўна Вежнавец (1917 г.н., в. Старое Сяло), былі бульба з расолам, грыбы і капуста. У пятніцу ж наогул дазвалялася падсілкавацца толькі хлебам і вадой: адзін раз да ўсходу сонца, другі раз — позна вечарам. Таму пасты, асабліва Піліпаўскі і Вялікі, заўсёды з'яўляліся своеасаблівым фізічным і духоўным выпрабаваннем-ачышчэннем людзей, якія рыхтаваліся да новага жыццёвага цыкла (язычніцкі аспект), да моманту нараджэння Ісуса Хрыста — адзінага і ўсемагутнага збавіцеля хрысціянскіх вернікаў. Аднак якім бы працяглым і складаным ні быў пост, ён заўсёды заканчваўся разгавеннем. Напярэдадні Каляд забівалі кабаноў (старадаўні водгаласак язычніцкага ахвярапрынашэння багам прыроды і душам продкаў), рабілі кілбасы, вешалі іх на жэрдцы каля печы. Як яны цешылі вока дзетак! Ці не таму так паэтычна апяваюцца ў паставых перадкалядных песнях:

Калядкі блізка,

Кілбаскі нізка.

Высока вісяць,

Няможна дастаць.

Запісана ў 1992 г. у в. Слабодка ад Маркінай.

Святкаванне пачыналася вечарам 6 студзеня (па новым стылі). К.В.Курэцкая (1922 г.н., в.Старое Сяло) успамінала, што з раніцы жанчыны завіхаліся каля печы, прыбіралі ў хаце, нажом дабяла выскрабалі стол і лавы, гатавалі няцотную колькасць страў, галоўнай сярод якіх была куцця — ячная каша, закрашаная салам. Да вячэры куццю ставілі на рытуальную лаву ў чырвоны кут. Прычым чыгунок ставілі не на голую лаву, а на пучок сена, зверху клалі бохан хлеба. Вечаровым прыцемкам ладзілі святочны стол. Бацька прыносіў яшчэ адзін пучок сена, якім усцілалі доўгі стол, маці накрывала яго льняным абрусам, ставіла розныя прысмакі. Садзіліся за стол адпаведна даўняй завядзёнцы: мужчыны — з правага боку, уздоўж сцяны, маці з дочкамі і нявесткамі — з левага боку, бліжэй да сярэдзіны хаты, каб зручней было падаць яшчэ што-небудзь са страў. Але перш чым сесці вячэраць, хрысціліся і ставілі дадатковыя талеркі для памёршых. Бацька чытаў доўгую малітву, затым браў патрошку куцці і клаў на талеркі продкаў, прыгаворваючы: «Лажу кашу дзеду Івану. Лажу кашу бабе Насці...» Так паўтаралася столькі разоў, колькі сваіх продкаў памятала і ўшаноўвала сям'я. Затым пачыналася святочная трапеза. Кожнаму члену сям'і трэба было абавязкова пакаштаваць усе стравы, тым самым як бы далучыцца да радаводнай сувязі з продкамі і заручыцца іх падтрымкай на ўвесь год. Заканчвалася вячэра агульнай падзякай лесу за мажлівасць сустракаць пачатак новага года. Усе прысутныя хрысціліся і гаварылі: «Дзякуем Хрысту Богу, Айцу і Сыну, і Святому Духу. Амінь». Недаедзеныя стравы са стала не прыбіралі, а пакідалі на ноч. Гэты звычай нагадвае сабой традыцыю памінальных свят, пад час якіх ежу пакідалі на стале да раніцы з верай у тое, што ноччу будуць сілкавацца душы продкаў. Пасля вячэры старэйшыя члены сям'і лажыліся адпачываць, а моладзь ішла на вячоркі. Асноўныя падзеі разгортваліся назаўтра вечарам, калі хлопцы-каляднікі распачыналі абход вёскі. Звычайна па вёсцы хадзілі некалькі гуртоў, якія папярэдне дамаўляліся паміж сабой аб святочных маршрутах. Ураджэнец в. Старое Сяло К.Ф.Сысой (1930 г.н.) адзначыў, што часцей за ўсё каляднікі хадзілі з «казой», «жоравам» і «канем», якія ў язычнікаў сімвалізавалі дабрабыт, пачатак новага цыкла прыроднага абуджэння, вялікую і дружную сям'ю. Побач прысутнічаў і сімвал новай, хрысціянскай, культуры — шасці- або васьміканцовая зорка, якую рабілі са старога рэшата, у якім выразалі адпаведную колькасць адтулін і затым мацавалі да іх рознакаляровыя «рагі», упрыгожаныя стракатымі папяровымі стужкамі. У сярэдзіну рэшата ставіліся іконка і свечка. Адвячоркам хлопцы збіраліся ў адным месцы, пераапраналіся ў старых, апошні раз паўтаралі словы святочных песень, муштравалі «казу». Да чаго ж зводзіўся асноўны сэнс калядных абходаў? Большасць славянскіх культуролагаў пагаджаецца з тым, што пераапранутая ў старых моладзь сімвалізавала продкаў, якія наведвалі сваіх суродзічаў і віншавалі іх на пачатку новага жыццёвага цыкла, замаўлялі на дабрабыт. Сённяшні перанос калядных і іншых святкаванняў на школьную сцэну, у клуб, на гарадскую пляцоўку разбурае натуральную эстэтыку свята: парушаецца сацыякультурная шматзначнасць, часавая і прасторавая прымеркаванасць, звужаецца функцыянальны спектр. Свята ператвараецца ў звычайную гульню-забаву з-за таго, што большасць выканаўцаў і арганізатараў ужо не ведаюць ці не разумеюць адвечны сэнс старадаўніх песень і рытуалаў. Таму ў нашых умовах кожнае свята ўяўляе сабой канцэрт мастацкай самадзейнасці. На самай жа справе абход каляднікаў зімой, валачобнікаў вясной, купальнікаў летам, багатнікаў восенню быў чароўна-магічнай дзеяй. Так рытуальным дзеяннем, аздобленым магічным словам, святочны гурт яднаў вясковую абшчыну, суродзічаў, жадаў ім шчаслівага году і дабрабыту:

А ці дома, дома сам пан гаспадар?

Святы вечар добрым людзям*.

А калі ён дома, хай выйдзе на двор,

Хай выйдзе на двор ды зірне ў шчыры бор.

У шчырым бару шуміць і гудзе,

I шуміць і гудзе, два раёчкі ідзе.

Першы раёчак да нясе вашчочак,

А другі раёчак нясе мядочак,

Ці свечы сукаці да дачок аддаваці,

Сыту сыціці ды сыноў жаніці.

*Прыпеў «Святы вечар добрым людзям» паўтараецца пасля кожнага радка.

Запісана ў 1991 г. у в. Старое Сяло ад Марфы Антонаўны Сысой.

Хлопцы-каляднікі заходзілі з гэтай песняй у двор, звярталіся да гаспадара за дазволам зайсці пакалядаваць у хаце. Калі гаспадар даваў згоду, шумная кампанія ўвальвалася ў хату, вітала дамачадцаў і распачынала песню-замову пра «казу», якая кулялася на падлозе, спрабавала рагамі пакалоць дзяцей. Пасля непрацяглай гульні «каза» раптам валілася на падлогу мёртвай, што сімвалізавала заканчэнне старога года. Тым часам хлопцы падхоплівалі новую песню, у якой распавядалася пра тое, з якой мэтай завітала гэта незвычайная госця ў хату і як гасцінным гаспадарам зноўку ажывіць яе:

О-го-го каза,

О-го-го сера,

Дзе рогі дзела?

— На соль праела.

Соль дарагая, мера скупая.

Ох ты, козанька,

Не будзь гордзенька,

Расхадзіся ты

Па ўсяму двару,

Пакланіся нізенька

Як гаспадару, як гаспадыні,

Дайце казе сена.

Каб каза прысела.

Дайце казе сала,

Каб каза устала.

На печы аўёс —

Вялікі парос.

На палу жыта —

Нагамі збіта.

А ў том жыце перапёліца

Вывела дзяцей —

Люба глядзець.

Меншыя, большыя

паляцелі, а серадзельшыя засірацелі.

Казача, казача,

Вазьмі маю доч.

Дару табе пару сабак

I сала кум'як,

І мех мякіны,

Тону пярыны,

I куль саломы

— Бывайце здаровы.

Запісана ў 1992 г. у в. Старое Сяло ад Праскоўі Мікалаеўны Алёхна.

Аднак продкі-калядоўшчыкі клапаціліся не толькі пра дабрабыт сям'і, але і пра яе захаванне і прадаўжэнне. Калі ў сям'і быў хлопец, то яму спецыяльнай песняй жадалі ўзяць шчаслівы шлюб:

За варотмі вінаград, за варотмі зялёны.

Святы вечар добрым людзям*.

А хто той вінаград ды сцярэгці будзе?

А сцярэгці будзе малады Ванечка.

Сцярог ночку, сцярог другую,

А на трэцю ночку сільненька заснуў.

А прыйшлі да яго два браткі яго:

—  А уставай, Ванечка, а уставай маладзенькі,

Ужэ ж твой вінаград пташкі аб'елі,

Ужэ ж тваю дзевачку дружкі абселі.

—  Я паэтаму не дбаю, я сваю спазнаю.

А ў маёй дзевачкі руцвяны вяночак,

Руцвяны вяночак, залаты пярснёчак,

Па плечках коскі развіваюцца

А пад вачыма слёзкі праліваюцца.

*Прыпеў «Святы вечар добрым людзям» паўтараецца пасля кожнага радка.

Запісана у 1991 г. у в. Старое Сяло ад Кацярыны Сцяпанаўны Сысой.

Адпаведнай песняй ушаноўвалася і дачка гаспадароў:

Ой, ясна, красна каліна ў лузе,

Святы вечар добрым людзям.

Ой красней, ясней, Кацечка, у бацькі.

Па двару хадзіла — увесь свет адгасіла.

У сені ўвайшла — чаравічкі зарыпелі,

На парог увайшла — скрыпкі зайгралі,

А ў хату ўвайшла — у хату баяры.

Купкі спаўняюць, дай Кацечку ўмаўляюць:

—  Я не князёўна, я не папоўна,

Простая мужычка, Дзям'янава дачка.

Запісана ў 1991 г. у в. Старое Сяло ад К. С. Сысой.

3 гісторыі беларускай культуры вядома, што пасля прыняцця хрысціянства яго асноўныя святы прымяркоўваліся да найважнейшых свят язычніцкага календара. Адначасова з Калядамі сталі святкаваць Раство Хрыстова. Новыя духоўна-культуралагічныя рэаліі паўплывалі на сюжэты традыцыйных песень. У народным асяррддзі ўзнікае новае кола калядных песень, якія ўяўляюць нешта сумежнае паміж замовамі-велічаннямі і духоўнымі вершамі, у якіх пераважала ўласна хрысціянская тэматыка:

Ой, у полі, у полі ды стаяла цэркаўка,

Святы вечар добрым людзям.

Што ў той цэркаўцы свечы гарэлі,

Свечы гарэлі, іскорка упала,

Іскорка упала, сіня мора стала.

Што ў том сіням моры сам Бог купаўся.

Ісусам Хрыстом да Святым Ражаством,

А Святое Ражаство радасці прынясло,

А святое Васілле развесяліла.

Запісана ў 1991 г. у в. Старое Сяло ад К. С. Сысой.

Праз тыдзень святкавалася другая куцця, якую называюць «багатай». У тым самым чыгунку з тоўчанага, дранага ячменю варылася каша, гатавалася мяса, пякліся мучныя або бульбяныя бліны, варылася капуста, смажыліся кілбасы. I назва пераднавагодняй вячэры («багатая куцця»), і мноства разнастайных страў мелі глыбокі магічны сэнс: шчодры стол, верылі продкі, павінен забяспечыць такое ж багатае сталаванне на працягу ўсяго года. 3 надыходам цемнаты зноўку збіраліся калядоўшчыкі, цяпер ужо дзяўчаты-«цыганкі», якія вадзілі з сабой каня і насілі звязду, у сярэдзіне якой ставілі сем свечак. Асаблівасць абходу вёскі дзяўчатамі — «затанцоўванне шчодрыка» пад вокнамі хаты. Дарэчы, сярод «цыганак» мог знаходзіцца і пераапрануты хлопец. Калі дзяўчаты заходзілі ў чарговы двор, калядніцы запявалі:

Шчадрую, шчадрую,

Кілбасу чую.

А ты, дзягначка,

Ідзі ў клетачку,

Набяры аўса,

Наверх кілбаса.

Скарэй дарыце,

Нас не марыце,

Кароткі світкі,

Памерзлі лыткі.

Запісана ў 1992 г. у в. Касарычы ад В.Н.Турлыка.

А тым часам «цыганка» вытанцоўвала каля хаты. Яна рухалася па кругу, але твар яе пастаянна быў скіраваны на кутняе акно хаты. Адзенне «цыганкі» вылучалася багата аздобленымі рознакаляровымі стужкамі, гузікамі, пацеркамі. Вольга Ніканаўна Багук з в. Халопенічы расказала, што абавязковым атрыбутам «цыганкі» была вялікая квяцістая хусціна з махрамі, перакінутая цераз плячо. Да махроў прывязвалі шаршуны для шуму, святочнасці. Няма сумненняў, што і сам характар дзеі, і яе слоўна-музычнае суправаджэнне, і характар затанцоўвання (углядацца ў вокны-вочы хаты) адлюстроўваюць надзвычай глыбокі пласт язычніцкай культуры, характэрная асаблівасць якой у магічнай накіраванасці.

Калядныя віншаванні гаспадароў былі надзвычай разнастайнымі і ўвабралі ў сябе галоўныя прынцыпы народнай педагогікі. Гасцінным і ветлівым гаспадарам дзякавалі яшчэ адной велічальнай песняй, на заканчэнне якой гучалі рэчытатыўныя пажаданні:

Дай, Бог, праважаці

I на лета даждаці,

У радасці, у карысці,

У добрым здароўі.

Калі ж гаспадары не запрашалі гасцей у хату, то ў іх адрас ляцеў праклён:

Цынкі, цынкі,

Каб памерзлі вашы свінкі.

Татарынкі, татарынкі,

Няхай воўк паесць усе свінкі.

Не дала масла,

Штоб карова згасла.

Не дала сала,

Штоб свіння не устала.

Я цябе дзядзька закалядую,

Дзянначка памрэ,

Возьмеш другую.

Запісана ў 1992 г. у в. Слабодка ад Алены Рыгораўны Далідовіч.

І.І. Крук

"Памяць. Глускі раён”. Мінск, Белта, 1999

 

 

 

 

 

Категория: Культура | Добавил: Vladmin (23.02.2010)
Просмотров: 3204 | Комментарии: 1
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: