Галоўная » Артыкулы » Экономика |
Глуская замарозкаСёлета ў Глуску адкрылася новае прадпрыемства — цэх па замарозцы ягад і грыбоў раённага спажывецкага таварыства. Цяпер гэта лiнiя запрацавала на поўную магутнасць. Інвестыцыйны праект рэалiзаваны ў межах Дзяржаўнай праграмы па развiццi малых гарадоў: на новую вытворчасць выдаткавана 9 мiльярдаў рублёў. Паводле планаў, праект акупiцца за 8 гадоў. Ад пачатку ягаднага сезона ў Глуску вядуць замарозку: у халадзiльнiках прадпрыемства ўжо захоўваюцца замарожаныя клубнiцы, чарнiцы i вiшнi. Агулам — каля 400 тон, на 2 мiльярды рублёў. Цяпер на лiнii пануе яркi зялёны колер. Марозяць гарошак, якi паступiў у Глуск са Слуцкага раёна. Яго спачатку мыюць i перабiраюць, потым марозяць. Дзве тоны за гадзiну — такая вытворчая магутнасць новага цэха. Гэта першы гарошак, якi марозiцца ў Глуску i будзе прадавацца ў рознiчнай гандлёвай сетцы. У раённым спажывецкiм таварыстве не маюць сумненняў, што попыт на яго будзе. — Па-першае, наш гарошак будзе таннейшы за iмпартны, — абяцае намеснiк старышнi таварыства Юрый Вайцахоўскi. — А па-другое, прадукцыя "Глускi кошык" нiчым не саступае iмпартнай нi па якасцi, нi па афармленнi. Тэхналогiя на новым прадпрыемстве — самая сучасная. Гэта так званая шокавая замарозка, якая не разбурае структуру прадукту. Кожная ягада, грыб цi гарошына замарожваецца долi секунды i асобна, таму пры размарозцы карысны прадукт не пераўтворыцца ў кiсель. — Намi ўжо ўсе замежнiкi цiкавяцца, — задаволена кажа Юрый Вайцахоўскi. — Палякi, лiтоўцы, немцы. Таму што якасць! Са збытам прадукцыi, якая замарожана ў Глуску, праблем сёння няма. Актыўна заключаюцца дагаворы, i на гэтым тыднi па першым кантракце будзе адгружана 60 тон чарнiц. — Глускi раён — гэта лясная зона, i ў нас шмат ягад i грыбоў, — гаворыць намеснiк старшынi Глускага райвыканкама Рыгор Бяляцкi. — Iх перапрацоўка паўстала на парадку дня яшчэ з пачатку 1990-х гадоў, калi з’явiўся попыт на дары лясоў. Аднак на той час найбольшы прыбытак ад загатоўкi чарнiц i грыбоў мелi прыватнiкi. Раней лясныя дары iшлi за мяжу незамарожаныя альбо замарожаныя ў звычайных халадзiльных камерах, калi гублялася якасць. Летась чысты прыбытак Глускага спажывецкага таварыства ад нарыхтовак склаў 200 мiльёнаў рублёў. Сёлета, калi запрацаваў цэх замарозкi, кiраўнiцтва разлiчвае зарабiць болей за мiнулыя гады. А раённыя ўлады, адпаведна, плануюць атрымаць большыя падаткi ў бюджэт. Цяпер Глускае спажывецкае таварыства можа прыняць значна большыя аб’ёмы ягад i грыбоў. Мясцовае насельнiцтва актывiзавалася ў сэнсе збiрання — гэтым займаецца ледзь не кожная сям’я на Глушчыне. Занятак прыносiць неблагiя грошы: кiлаграм чарнiц у Глускiм раёне прымаюць ад 4,5 да 5,5 тысячы рублёў. Аднак каштоўных чарнiц, якiя потым iдуць на экспарт у Германiю ды Польшчу, сёлета не такi вялiкi ўраджай, як быў летась. Затое ёсць вялiкiя надзеi на грыбы. Кароткачасовыя дажджы i цёплае надвор’е павiнны даць грыбны набытак. Першыя лiсiчкi ўжо замарожаныя, i атрымлiваюцца, як кажуць у цэху, "вельмi прыгожыя". Гарошак — гэта першая спроба ў Глуску замарозiць гароднiну. Гарошыны падобныя на ягады. А каб справiцца з бульбай, морквай ды буракамi, увосень у цэху па замарозцы мяркуюць усталяваць яшчэ адну тэхналагiчную лiнiю — па апрацоўцы i замарозцы ўсёй гароднiны. Тады можна будзе рабiць для продажу гатовыя сумесi — для супоў i гарнiраў. — Так, мы ўжо рыхтуем дакументацыю на рэцэптуру, — пацвердзiла начальнiк цэха па замарозцы Iрына Супрунчык. — Наш час такi: хуткiя харчы патрэбны сучасным гаспадыням. Закiнуў з пакета ў каструлю, 10 хвiлiн — i страва гатова. Падобныя польскiя сумесi карыстаюцца папулярнасцю. А нашы, паверце, не горшыя. Абсталяванне сучаснае, i вiтамiны пры размарозцы захоўваюцца на 80 %. — Мы поўнасцю можам забяспечыць замарожанымi ягадамi i грыбамi сваю гандлёвую сетку, — запэўнiваюць у Глускiм спажыўтаварыстве. — Днямi на замарозку паступiць алыча з Драгiчынскага раёна i нават чарнаслiў з Сербii. Пакуль яшчэ прадукцыя не пайшла на палiцы крам. Ну хто будзе браць зараз замарожаныя клубнiцы цi вiшнi, калi ўсё гэта альбо ёсць на агародзе, альбо толькi ад’елiся? Дацягнем да халадоў — восенню наша прадукцыя будзе цалкам дарэчы. Да таго ж мяркуем накiроўваць яе i ў суседнюю Расiю. У часе нядаўняга вiзiту ў Гомельскую вобласць Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць больш актыўна развiваць у краiне перапрацоўку гароднiны. Перад мясцовымi ўладамi ставiцца задача: набыць у насельнiцтва дары лясоў i лiшкi ўраджаю з падсобных участкаў, перапрацаваць i прадаць. Размова iдзе не толькi пра грыбы i ягады, але i пра тыя ж агуркi ды яблыкi, iншую садавiну i гароднiну. Старшыня Магiлёўскага аблвыканкама Барыс Батура лiчыць, што рэзервы ёсць, а таму трэба забяспечыць перапрацоўку набытага ў людзей. Акрамя Глускага цэха па замарозцы, iдзе рэканструкцыя Быхаўскага кансервава-гароднiнасушыльнага завода, пачалiся работы на падобным прадпрыемстве ў Кiраўску. Хутка запрацуе прадпрыемства "Слаўгарадскi харчавiк", дзе будуць сушыць гароднiну па сучаснай тэхналогii. — Але гэтага мала, — упэўнены Барыс Батура. — Аб’ёмы перапрацоўкi не адпавядаюць патрабаванням i тым магчымасцям, якiя сёння ёсць у Магiлёўскай вобласцi. Таму нам абавязкова трэба, не адкладаючы на далёкую перспектыву, у 2009—2010 гадах пабудаваць яшчэ 2-3 прадпрыемствы, падобныя да Глускага цэха па замарозцы, i столькi ж гароднiна-сушыльных заводаў. Яны не самыя дарагiя, iх можна даволi хутка ўзвесцi. Магiлёўскiя ўлады лiчаць, што такiя планы дазволяць вырашыць адразу некалькi праблем. Па-першае, iмпартазамяшчэнне: навошта набываць польскiя цi галандскiя замарожаныя клубнiцы, калi ў нас ёсць свае? Па-другое, экспарт: замарожаныя чарнiцы, вельмi карысныя для здароўя ягады, ахвотна набываюць замежнiкi. Наступнае, вядома, занятасць людзей — на прадпрыемствах адкрываюцца новыя працоўныя месцы. I, нарэшце, новыя паступленнi ў бюджэт, за якiя вырашаюцца важныя сацыяльныя праблемы грамадства. Iлона Iванова, Глускi раён — Магiлёў. "Звязда» 8.08.2008 № 147
| |
Категория: Экономика | Добавил: Vladmin (08.09.2008) | |
Просмотров: 1277 |
Всего комментариев: 0 | |