Пад гукі даўняга раманса

Пад стары Новы год члены аматарскага аб'яднання "Зносіны" сабраліся на сваё першае ў новым годзе пасяджэнне. У прывычнай ролі вядучай выступіла кіраўнік аматарскага аб'яднання I. М. Кірына. Менавіта яна і адкрыла сустрэчу, сказаўшы ў адрас гэтых жанчын нямала цёплых слоў, пажадаўшы кожнай здароўя, маладосці, аптымізму у новым годзе і каб яны яшчэ доўга радавалі сваёй песняй людзей. Такія ж словы адрасавала членам клуба і дырэктар раённага Дома культуры Н. У. Бычкоўская.

Нядаўна аб'яднанне папоўнілася новымі членамі — прадстаўнікамі моцнага полу. Жанчыны з ахвотай прынялі ў сваю творчую сям'ю Мікалая Нікіфаравіча Купчэню, Міхаіла Іванавіча Каранкевіча, Сцяпана Кузьміча Грыневіча. Яны ўжо дэманстравалі свае артыстычныя здольнасці ў час канцэрта, прысвечанага Міжнароднаму дню інвалідаў. I зараз мужчыны поўныя жадання прымаць самы актыўны ўдзел у выступленнях клуба.

Вясёлымі песнямі, танцамі, жартамі віталі ўдзельнікаў пасяджэння калядоўшчыкі. Не абышлося ў той дзень без музыкі, задзірлівых беларускіх прыпевак, якія жанчыны выконвалі ўсе разам. Валянціна Мікалаеўна Дубінская, якую вы бачыце на здымку, выканала пад свой акампанемент некалькі твораў, сярод якіх задушэўныя, лірычныя рамансы, гукі якіх вярнулі многіх у гады іх маладосці, нагадалі аб мінулым.

Л. Мікалаева.

На здымках: у час чарговага пасяджэння аматарскага аб'яднання "Зносіны".

Фота I. Кірына.

"Радзіма”  № 7  29.01.1997