Уражаннi напярэдаднi выбараў у мясцовыя Саветы 2003

Глуск прачынаецца...

Напярэдаднi выбараў у мясцовыя Саветы наведаў Глускi раён. На першы погляд жыццё там iдзе сваёй каляiнай: старыя мруць, маладыя п`юць, заробкi нiзкiя, ды i тыя не выплачваюць. Але кiнулiся ў вочы i нейкiя перамены.

Мясцовыя дэмакраты перыядычна выдаюць бюлетэнь раённага клуба выбаршчыкаў. Адзiн нумар быў прысвечаны судоваму працэсу над кiраўнiком раённага аддзела адукацыi Ф.Багдановiчам. Ён прымусiў дырэктара школы выдаць брату Вiктару атэстат аб сярэдняй адукацыi, хоць апошнi ў школе не вучыўся. Сам факт сведчыць аб беззаконнi цяперашняй улады.

Але ёсць у гэтай справе цiкавы нюанс. Падсудны заявiў, што працэс iнiцыiравалi людзi, якiя хочуць дыскрэдытаваць уладу. Маўляў, я ўжо дзевяць год працую ў апараце райвыканкама. Бачыце сувязь? На самым высокiм узроўнi ўсе правалы ў эканомiцы спiсваюць на ворагаў. I гэты дробны чыноўнiк засвоiў навуку iнешта ляпеча пра ворагаў, пра змову ў маштабе раёна. Няма сораму ў чалавека.

Прыемна здзiвiлi мяне землякi яшчэ адной справай. Яны запусцiлi свой сайт у Iнтэрнеце. У Магiлёўскай вобласцi нi адзiн сельскi раён такога не мае. Гэта выклiкала вялiкi перапалох у мясцовых кiраўнiкоў. Адзiн нават усклiкнуў: "Што, i прэзiдэнт можа прачытаць пра Глускi раён?". Яму адказалi, што памочнiкi прэзiдэнта адсочваюць iнфармацыю ў Iнтэрнеце i дакладваюць прэзiдэнту. Эпiзод нагадаў нямую сцэну з "Рэвiзора" М.Гогаля.

Яшчэ адна навiна. У Глуску з`явiлася ўлётка, да якой дэмакраты не маюць дачынення. Яна называецца "Блоха". Маўляў, блыха кусае ўсiх, нягледзячы на чыны i рангi. Улётку пiсаў чалавек, якi цi працуе ў сiстэме ўлады, цi працаваў раней. Па тэксце вiдаць, што аўтар добра ведае райвыканкамаўскую "кухню". Улётка прысвечана "дзейнасцi" намеснiка старшынi райвыканкама Л.Клыгi. Аўтар выкарыстаў вядомы прыём i прыпынiў тэкст на самым цiкавым месцы. Цяпер увесь Глуск гудзе. Усiх хвалюе: хто пiсаў i дзе знайсцi працяг. Як бачыце, скубуць уладу з усiх бакоў.

У вёсцы Бярозаўка колiсь працаваў старшынёй калгаса Андрэй Халява. Моцна пiў на халяву i з пасадай прыйшлося развiтацца. Але знайшоў у сабе сiлы i адолеў гэтую цяжкую хваробу. Дарэчы, у сельскай мясцовасцi лiтаральна адзiнкi п`янiц здолелi вярнуцца да нармальнага жыцця. Такiя гераiчныя ўчынкi заўсёды выклiкаюць павагу да чалавека. I выбаршчыкi вылучылi А.Халяву кандыдатам у дэпутаты сельскага i раённага Саветаў. Улада пачала чынiць перашкоды. Андрэю Пятровiчу заявiлi адкрытым тэкстам: цябе падтрымлiвае апазiцыя. Знайшлi вялiкi грэх у чалавека.

У заключэнне трэба паставiць усё на свае месцы. Што такое апазiцыя? Гэта тая частка грамадства, якая не згодна з палiтычным i эканамiчным курсам улады. Яна мае свае погляды, адстойвае сваю пазiцыю. У дэмакратычных краiнах апазiцыя - меншая частка грамадства. Бо большая частка выбрала i падтрымлiвае ўладу альбо проста маўчыць. Пасля 1994 года так было i ў нас. Большасць грамадства выбрала А.Лукашэнку i падтрымлiвала яго палiтыку. Але, як кажуць фiлосафы, усё цячэ, i ўсё мяняецца. Змянiлася сiтуацыя i ў Беларусi.

Апошнiя апытаннi пацвердзiлi, што большасць беларускага грамадства не згодна з палiтыкай дзеючай улады. Але большасць не можа быць апазiцыяй. Цяпер улада стала апазiцыяй, яна перайшла ў апазiцыю да ўласнага народа. Сёння глуская апазiцыя акапалася ў будынку пад чырвона-зялёным сцягам, побач з помнiкам Ленiну.

Яўген ЛУГIН, сустаршыня аргкамiтэта "Зямля i Воля"

“Народная воля” № 54, 22.03.2003