Вежа-брама Глускага замка па дадзеных археалогіі і пісьмовых крыніц Ірына У. Ганецкая Глускі замак, размешчаны на ўсходнім краі мястэчка Глуск на правым беразе р.Пціч, быў заснаваны, паводле археалагічных дадзеных і пісьмовых крыніц, каля 1522 г. Пра гэта сведчыць грамата вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта І Старога князю Юрыю Іванавічу Дубровіцкаму, дзе ў прыватнасці сказана, што апошні „збудовал собе у выймени своем замок у Глуску" [ПАМЯЦЬ 1999, с. 48]. Датаваны дакумент 20 снежня 1522 г. Пасля смерці Юрыя Дубровіцкага замак адышоў сыну Сямёну. У наступныя часы, апроч дачок Юрыя Дубровіцкага, замкам валодалі Заслаўскія, Чартырыйскія, Палубінскія і Радзівілы [ТКАЧОЎ 1991,с. 116-120]. Ад заснавання і да сярэдзіны XVII ст. замак заставаўся драўляна-земляным. Пляцоўка, на якой змяшчаліся драўляныя жылыя і гаспадарчыя пабудовы, была ўмацавана спачатку адной, а пазней дзвюма вежамі (галоўнай брамай і «форткай» з боку ракі) і 34 гароднямі [ТКАЧОЎ 1991, с. 117; ЯКІМОВІЦ 1991, с. 81]. У сярэдзіне XVII ст. замак быў спалены пад час казацкіх нападаў, што прасочана археалагічна і пацверджана пісьмовымі крыніцамі [САГАНОВІЧ 1995, с. 38]. Пасля заканчэння Маскоўскай вайны А.Палубінскі, тагачасны гаспадар фартэцыі, не толькі аднавіў яе, але цалкам змяніў сістэму абарончых збудаванняў: насыпаны валы, узведзены пяць бастыёнаў, павялічаны вадзяны роў. У выніку замак набыў форму рэгулярнага пяцівугольніка з бастыёнамі па кутах, дзвюма мураванымі вежамі (мал. 1). На пляцоўцы плошчай 43 тыс. кв.м месціліся бернадынскі кляштар з вялікім барочным касцёлам, палац, жылы дом, гаспадарчыя пабудовы. Нічога з гэтага на сённяшні дзень не збераглося. Вялікую ролю ў фартыфікацыі замка бастыённага тыпу адыгрывала вежа-брама. Яна прыкрывала галоўны ўезд у замак. Гэтай мэце былі падпарадкаваны лакалізацыя вежы, яе архітэктура і будаўнічая тэхніка, дадатковыя абарончыя канструкцыі і прыстасаванні. У 1996 г. аўтарам была адкрыта, а ў наступныя тры сезоны даследавана, вежа-брама Глускага замка. На яе месцы распрацавана 5 раскопаў, 2 шурфы і 2 траншыі агульнай плошчай 225 кв.м. (мал. 2). Першы раскоп быў размешчаны над цэнтральнай заходняй часткай пабудовы і выходзіў за яе межы. Другі ахапіў паўднёва-заходні кут брамы. Трэцім раскопам раскрылі цэнтральную ўсходнюю частку разам з праёмам выезду. У чацвёртым быў расчышчаны паўднёва-ўсходні кут вежы. Раскоп V размяшчаўся перад усходняй часткай паўночнага фасада. Лакалізацыя У Глускім замку брама знаходзілася з боку рынкавай плошчы мястэчка, паміж паўночна-заходнім і паўднёва-заходнім бастыёнамі, прычым нашмат бліжэй да апошняга. Наколькі можна меркаваць па плане 1951 г., калі валы яшчэ захоўваліся добра, даўжыня курціны паміж бастыёнамі складала прыкладна 89,5 м. Адлегласць ад брамы да паўднёва-заходняга бастыёна каля 15 м, а да паўночна-заходняга - каля 55 м, амаль у чатыры разы болей. Вал падыходзіў да самых сцен брамы. Бастыёны былі вынесеныя за лінію курціны на 20-25 м. Будынак Вежа квадратнай формы (14,2 х 14,2 м) мела тры паверхі, завяршалася купалам „з баняй і харугаўкай бляшанай". На сёння сцены першага паверху ацалелі максімальна на вышыню каля 2 м. Брама змуравана ў нявытрыманай рэнесансовай тэхніцы з цэглы параметрамі 31 х 15 х 7,5-8 см пры таўшчыні швоў 2-3 см з выкарыстаннем камянёў (мал. 5). У разломах сцен выяўлены поласці падквадратныя ў разрэзе памерамі 28-35 см. Пры зачыстцы рэшткаў сцяны, што выходзіла з паўночнага профілю р. IV (кв. 5), выявілі добра захаваны фрагмент бервяна, шчыльна ўкладзенага ў такі канал. Пры абследаванні іншых падобных адтулін у сценах, адкрытых ранейшымі раскопамі, на паверхні акамянелай будаўнічай рошчыны выяўлены адбіткі драўніны, а ў некаторых нават рэшткі спарахнелага дрэва. Няма ніякіх сумненняў, што пад час будаўніцтва пры пераходзе ад аднаго паверху да наступнага на мур пасярэдзне клалі бервяно, потым яго абмуроўвалі з усіх бакоў так, што яно апыналася ўнутры сцяны - будаўнічы прыём, адзначаны яшчэ на полацкіх помніках XII ст. і на манументальных збудаваннях наступных эпох. Магутнасць фасадных сцен 1,2-1,3 м, унутраных - 0,85-1,0 м. Падмурак складзены пераважна з цэглы на вапнавай рошчыне з уключэннем камянёў рознага памеру, амаль не адрозніваецца ад сцен і мае шырыню да 1,7 м. 3 боку вадзянога рова па меры заглыблення ён значна выступае наперад (месцамі нават да 65 см у параўнанні з плоскасцю надземнай часткі). Агульная глыбіня падмурка 4,1 м, ён упушчаны ў мацярык на 0,3 м з боку вадзянога рва і на 2 м з боку двара. Сутарэнні пад вежай падзеленены на шэсць памяшканняў (мал. 3), два пасярэдзіне памерамі 3,7 х 5,1 м і па два з кожнага боку памерамі 3,2 х 4,8 м. Усе яны мелі крыжовыя скляпенні і злучаны паміж сабой праходамі. Тры з шасці памяшканняў сутарэнняў ацалела. Па цэнтры праз вежу на ўзроўні першага паверху (мал. 2) ішоў праезд шырынёй 3,8 м, які ўяўляў сабой глінабітны насціл на пясчанай падсыпцы. Праезд быў перакрыты паўцыркульнай аркай, сцены атынкаваныя, што засведчана ў раскопах І і III. Трохметровы праём звонку закрывалі, паводле пісьмовых крыніц, двухстворкавыя дубовыя акаваныя вароты з замком і „дубовая крата" [НГАБ, ф. 27, воп. 6, спр. 3, арк 1]. 3 праезду бліжэй да двара адзін супраць другога было два дзвярныя праёмы, закратаваныя, як сказана ў інвентарах XVIII ст. Паўночны праём зачышчаны ў раскопе III. У пазе яго выяўлены рэшткі драўніны, магчыма дубовых кратаў. Праз кожны з праходаў можна было трапіць у аднолькавыя гаспадарчыя памяшканні з глінянымі падлогамі. А з іх дзверы вялі ў наступныя пакоі. У адным з па-мяшканняў І паверху знаходзілася лесвіца, па якой паднімаліся ўверх. У сценах першага паверху, як вынікае з інвентароў, былі зроблены байніцы. Над праездам на другім і на трэцім паверхах размяшчаліся дзве вялікія залы з паліхромнымі геральдычнымі печамі, жылыя пакоі, капліца, гаспадарчыя памяшканні. Археалагічна ўстаноўлена, што ў вежы знаходзілася і кухня, вакно якой выходзіла на поўнач, бліжэй да двара. Пра гэта сведчаць шматлікія знаходкі кухоннага і сталовага посуду, гаршкі з харчовымі рэшткамі, вялікая колькасць костак жывёлы і рыбы, выяўленыя ў раскопе V. Паводле інвентару 1720 г., на другім паверсе было чатыры вакны, на трэцім - тры, а вакол верхняга яруса ішоў драўляны памост, з якога можна было аглядаць раўнінную мясцовасць на значную адлегласць, і які мог служыць баявой галерэяй [НГАБ, ф. 27, воп. 6, спр. 3, арк 1]. У канцы XVII ст. вежа была накрыта керамічнай хвалістай дахоўкай. Дах меў чатыры схілы, пра што сведчаць знаходкі тэракотавай і зялёнапаліванай вільчаковай дахоўкі. У XVIII ст. браму вянчаў купал з «банькай і харугаўкай наверсе бляшанай» [НГАБ, ф. 694, воп. 7, спр. 220, арк 43, 43 аgb.]. Прыбудовы 3 боку двара да брамы былі прыбудаваны два аднапавярховыя памяшканні: справа ад выхаду для гарнізону, злева - кардыгарда. Сляды гэтых прыбудоваў зафіксаваны археалагічнымі раскопкамі, прычым яны мелі глыбокія падмуркі альбо нават сутарэнні. Узвод У працэсе раскопак выяўлена, што з вонкавага боку да брамы на кутах былі прымураваны дзве даволі магутныя платформы шырынёй каля 4 м. Адлегласць паміж імі складала 6,8 м (мал. 3). Яны не перавязаны са сцяной асноўнага будынка. Прызначэнне гэтых магутных платормаў не зусім зразумелае. Можа быць яны проста ўмацоўвалі падмурак з боку рва, а можа служылі апорай маста, хоць гэта вельмі гіпатэтычнае дапушчэнне. Інфармацыю пра ўзвод чэрпаем толькі з пісьмовых крыніцаў. Так, інвентар 1720 года апісвае „доўгі мост з парэнчамі", пачатак якога закрывала кабыліна з пад'ёмным механізмам і два жалезныя ланцугі, далей стаяла вартоўня, а за ёй яшчэ кабыліна, за якой размяшчаўся прамежкавы ўзвод на 2 ланцугах, які ў вертыкальным стане мацаваўся жалезнымі «шворнамі». Далей ішла "прамежкавая брамка з 2 форткамі". Другі ўзвод на двух ланцугах ля самай брамы, закрываў вароты. Такая складаная сістэма ўмацаванняў маста сведчыць пра надзвычай шырокі роў і рабіла браму практычна непрыступнай. Падземны ход У інвентары 1720 г. гаворыцца, што з аднаго з „скляпоў" (г.зн. сутарэнняў) ёсць дзверы ў патаемны вылаз. Гэты самы „патаемны вылаз" нам пашчасціла знайсці і ідэнтыфікаваць як падземны ход, які дазваляў трапіць з замка на вадзяны роў. За паўднёвай фасаднай сцяной на ўзроўні падвалаў было выяўлена даволі вузкае (шырынёй 1 м) выцягнутае памяшканне вышынёй прыкладна 2 м; якое прымыкае да асноўнага будынка (мал. 3, 4b, 6). Падлога ўяўляла сабой проста мацерыковы пясок. Паўднёвая сцяна хода змуравана ў дзве цагліны і мае таўшчыню 40 см. Расчышчаны быў і сам патаемны выхад. Добра захавалася месца дзвярнога праёму. Надзвычай цікавай знаходкай уяўляюцца ацалелыя завесы, якія заставаліся вісець на круках, умураваных у сцяну на адлегласці 1 м адзін ад аднаго. Дзверы адчыняліся ўнутр. Перакрыцці абапіраліся на паўднёвую сцяну калідора (мацаваліся перпендыкулярна) і на рад цаглінаў, умураваных у паўднёвую сцяну асноўнага будынка лажкамі ўверх пад вуглом прыкладна 45 градусаў (мал. 4b). Зроблены патаемны ход быў адначасова з увядзеннем самога корпуса брамы. Пра гэта сведчыць поўнае супадзенне параметраў і характару цэглы з прыбудовы і корпуса, саміх будаўнічых канструкцый, а таксама дадзеныя стратыграфіі. У паўднёвай сцяне сутарэнняў вежы выяўлены вялікія паўцыркульныя нішы, дзе мур быў значна танчэйшы. Праламаўшы тут сцяну, можна было трапіць у патаемны ход. Археалагічна падземны ход прасочаны на 17 м. Да брамы ён падыходзіў з усходу і ішоў пры паўднёвай сцяне. 3 поўначы выхад з падземнага ходу амаль на палову прыкрывала паўднёвая мураваная платформа, згаданая вышэй, а з поўдня - паўднёва-заходні бастыён. Датаванне Стратыграфічна будаўнічая гісторыя вежы-брамы прасочваецца па паўднёвых профілях раскопаў II і IV на ўчастках кв. 3а і кв. 2/2а адпаведна, якія праразаюць заходні і ўсходні схілы вала недалёка ад будынка (мал.4). Насып вала прымыкае да сцяны вежы. Пад ім у межах шурфа 4 і асабліва ў кв. За раскопа II, дзе праслойка вугалю найбольшая і дасягае 10 см. Пажар па пісьмовых крыніцах датуецца 1650-мі гадамі. Далей ідзе шэрая глеба аднароднай структуры з тонкімі праслойкамі пяску і гліны, у ніжнім гарызонце з дамешкамі пяску (у раскопе IV адразу пад валам). Вугальная праслойка пажару і шэры слой прарэзаны магільнымі ямамі (могілкі датуюцца 1655 г.), а таксама вялікім будаўнічым катлаванам (раскоп IV кв. 1а/2а-8, раскоп II кв. 2а/3а - мал. 4, 6), з чаго вынікае, што іх утварэнне папярэднічала насыпцы вала і ўзвядзенню мураванай вежы-брамы, а храналагічнай мяжой служыць пажар сярэдзіны XVII ст. Сляды самога будаўніцтва ў выглядзе плямаў пяску, чырвонай гліны з бітай цэглай-пальчаткай і вапнавай рошчынай прасочаны ў раскопах IV (кв. 1-4, 7-8) і II (кв. 2а/3а), а таксама ў шурфе 6 (мал. 4b). Датаванню брамы па дадзеных стратыграфіі і пісьмовых крыніц не супярэчаць і знаходкі. Так, на самай ранняй геральдычнай кафлі з гербамі А.Палубінскага, які і аднаўляў замак пасля разбурэння, прысутнічаюць даты 1670 і 1675, нумізматычны матэрыял таксама дае наступныя даты: соліды Яна Казіміра 1660-х г., солід Аўгуста III 1754 г., расейская манета 1757 г., манета Рэчы Паспалітай 176? г., пятак Кацярыны II 1777 г. Археалагічны матэрыял сведчыць таксама пра рэгулярныя рамонты вежы. Самыя познія знаходкі датуюцца канцом XVIII стагоддзя, калі замак, верагодна, і быў разбураны. Такім чынам, сукупнасць пісьмовых і археалагічных крыніц па гісторыі Глускага замка дазваляе датаваць галоўную браму 70-мі гадамі XVII - канцом XVIII ст. Вежа паўстае перад намі вялізным збудаваннем з развітай сістэмай фартыфікацыі: магутнымі сценамі, байініцамі, баявой галерэяй, вялізным вадзяным ровам, складанымі ўмацаваннямі ўзводу, падземным ходам і іншымі неабходнымі атрыбутамі, што сведчыць пра вялікую ўвагу, што надавалася ёй на стадыі праектавання, будаўніцтва і эксплуатацыі. Вежа мела не толькі абарончае прызначэнне. У ёй размяшчаліся таксама парадныя залы, жылыя пакоі, капліца, гаспадарчыя памяшканні, вязніца, у сутарэннях, верагодна, захоўвалася зброя.
Літаратура
НГАБ (Нацыянальны Гістарычны Архіў Беларусі), ф. 27, воп. 6, спр. 3, арк 1 (Інвентар 1720 г.)
НГАБ (Нацыянальны Гістарычны Архіў Беларусі), ф. 694, воп. 7, спр. 220, арк 43, 43 аgb. (Інвентар 1756 г.).
ПАМЯЦЬ 1999 Глускі раён, Мінск.
САГАНОВІЧ Г.
1995 Невядомая вайна, Мінск.
ТКАЧОЎ М. А.
1991 Замкі і людзі, Мінск.
ЯКИМОВИЧ Ю. А.
Зодчество Белоруссии XVI- середчны XVII вв., Минск.
Сучасны план Глускага замка
Графічная рэканструкцыя плана брамы на ўзроўні першага паверху (па матэрыялах раскопак)
План падземнай часткі вежы з распрацаванымі раскопамі.
Профiлi разрэзаў аснавання вала за паўднёвай сцяной брамы: а) заходняга схiлу (раскоп II кв. За); b) усходняга схiлу (раскоп IV: АВ — паўднёвы профiль, ВС — заходнi профiль) з папярочным разрэзам падземнага ходу. Умоўныя пазначэннi: 1 — шэрая зямля; 2 — глiна; 3 — пясок; 4 — суглiнак; 5 — драўнiна; 6 — вугаль; 7 — бiтая цэгла; 8 — камень; 9 — вапнавая рошчына; 10 — мацярык.
Фрагмент муроўкі сцяны і падпружнай аркі сутарэння.
Фрагмент плана раскопа IV з рэшткамі падземнага ходу.
Badania archeologiczne w Polsce północno-wschodniej i na zachodniej Białorusi w latach 2000 – 2001. Materiały z konferencji, Białystok 6-7 grudnia 2001 roku. Białystok. 2002
|