Замак XVI-XVII ст. у Глуску:раскопкі 2002 г. На ўсходнiм баку мястэчка Глуск Магiлёўскай вобласцi размешчаны помнiк археалогii i гiсторыi — замак. Усходнiм бокам ён прымыкае да правага берагу старыцы р. Пцiч, а заходнiм падыходзiць да гарадскога цэнтра i аддзелены ад цэнтральнай плошчы невялiкiм паркам. Раўнiна, прылеглая да рэчышча Пцiчы, здаўна забалочана, што служыла натуральнай абаронай для замка. Паводле археалагiчных даных i пiсьмовых крынiц, замак быў заснаваны каля 1522 г. Да сярэдзiны XVII ст. ён заставаўся драўляна-земляным. Пляцоўка, на якой змяшчалiся жылыя i гаспадарчыя пабудовы, была ўмацавана спачатку адной, а пазней дзвюма вежамi i 34 гароднямi. У сярэдзiне XVII ст. замак быў спалены пад час казацкiх нападаў. Пасля заканчэння Маскоўскай вайны сярэдзiны XVII ст. А. Палубiнскi, тагачасны гаспадар фартэцыi, не толькi аднавiў яе, але цалкам змянiў сiстэму абарончых збудаванняў: былi насыпаны валы, узведзены пяць бастыёнаў, выкапаны вадзяны роў. У вынiку замак набыў форму рэгулярнага пяцiвугольнiка з бастыёнамi па кутах, дзвюма мураванымi вежамi. На пляцоўцы плошчай прыкладна 43 тыс. кв. м размяшчалiся бернадынскi кляштар з вялiкiм барочным касцёлам, палац, два жылых дома, гаспадарчыя пабудовы. Нiчога з пералiчанага на сённяшнi дзень не захавалася. Рэшткi земляных умацаванняў, якiя дайшлi да нас, маюць абрыс пяцiвугольнай зоркi. Параўнанне з планам 1954 г. паказвае, што у другой палове XX ст. помнiк панёс значныя страты. Валы захавалiся на некаторых участках вельмi добра (паўночна-заходняя i паўднёвая курцiны), на некаторых фрагментарна (паўночна-ўсходняя i заходняя курцiны), на некалькiх знiшчаны цалкам (паўднёва-ўсходняя курцiна). Паўночна-заходнi, паўночны i паўднёва-ўсходнi бастыёны дайшлi да нас у даволi добрым стане, паўднёва-заходнi ацалеў фрагментарна, усходнi разбураны цалкам. Нягледзячы на пэўныя страты у сiстэме земляных умацаванняў, абрысы валоў i большасцi бастыёнаў чытаюцца i сёння. Галоўны уезд у замак быў размешчаны з боку цэнтральнай плошчы. Што тычыцца вадзянога рова, то з заходняга боку (ад цэнтральнай плошчы) ён цалкам засыпаны i можа быць прасочаны хiба што па ледзь прыкметнай западзiне сучаснай дзённай паверхнi памiж паркам i замчышчам. На месцы былога рова цяпер знаходзяiша летняя танцпляцоўка, будынкi мясцовага таварыства «Паляўнiчы—рыбалоў» i РУС, а таксама недабудаваная школа мастацтваў. 3 поўдня роў знаходзiўся памiж ацалелым участкам вала i завулкам Берагавым, з паўночнага захаду ён iшоў па завулку Рачным. Вывучэнне Глускага замка было пачата экспедыцыяй Iнстытута гiсторыi Нацыянальнай акадэмii навук пад кiраўнiцтвам I. Ганецкай у 1996 г. па iнiцыятыве аддзела культуры Глускага РВК. У вынiку папярэднiх даследаванняў выкопана 11 разведанных шурфоў плошчай 64 кв.м, пяць раскопаў плошчай 194 кв. м, пяць траншэй шырынёй па 1 м агульнай даўжынёй каля 38 м (агульная ўскрытая ў 1996—2001 гг. плошча складае 29б кв. м), у сутарэннях адкрытай у 1996 г. брамы другой паловы XVII ст. да ўзроўню падлогi былi расчышчаны тры памяшканнi. У 2002 г. працы праводзiлiся на падставе дазволу № 1415 на правядзенне археалагiчных даследаванняў. Фiнансаванне забяспечвалася Iнстытутам гiсторыi НАН Беларусi. Дапамогу у арганiзацыi раскопак аказвалi супрацоўнiкi аддзела культуры на чале з загадчыкам У. А. Шулякоўскiм. Нiвелiроўка ажьшцяўлялася адносна адзiнага рэпера. Раскопкi праводзiлiся па агульнапрынятай методыцы: пластамi па 20 см паквадратна. Перад даследаваннямi 2002 года былi пастаўлены наступныя мэты: 1) выяўленне характару напластаванняў пад насыпам вала XVII ст., магчыма выяў-леi че рэшткаў першапачатковых драўляных умацаванняў; 2) далейшае вывучэнне матэрыяльнай культуры замка, у першую чаргу рэчаў першага перыяду гiсторыi замка. Для ажыццяўлення пастаўленых мэт быў выкапаны адзiн раскоп плошчай 32 кв.м, якому быў прысвоены нумар VI (з улiкам раней выкапаных). Раскоп быў разбiты на месцы, дзе праходзiла паўднёвая курцiна вала другой паловы XVII ст., зруйнаваная недзе у сярэдзiне XX ст. Ён меў прамавугольную форму 8 х 4 м, доўгiм бокам арыентаваны па лiнii поўнач—поўдзень, падзелены на 8 квадратаў. Сярэдняя магутнасць культурных напластаванняў склала 2,4 м. Вынiкi даследаванняў паказалi, што на дадзеным участку стратыграфiя культурнага пласта захавалася вельмi добра. Мацярык па плошчы раскопа мае даволi роўную паверхню. Выяўлены 4 мацерыковыя ямы. Адназ iх гаспадарчая, круглай формы, складанага профiлю (з уступам), трапiла у межы раскопу часткова (прыкладна на чвэрць). Яма была запоўнена тлустай цёмна-шэрай зямлёй з характэрным пахам, iнтэнсiўна насычанай бытавым смеццем XVI—сярэдзiны XVII ст.: кавалкамi керамiчнага i шклянога посуду, косткамi рыбы, пггушак i жывёл, шкарлуп ад яек. У запаўненнi гаспадарчай ямы прасочаны праслойкi акамянелай глебы шэрага колеру, у якiх вельмi добра захавалiся арганiчныя рэчывы. Пасля таго, як кавалкi гэтай цвёрдай глебы высахлi, стала зразумелым, што у яму выкiдвалi вапну, у вынiку чаго i ўтварылiся гэтыя праслойкi. У верхнiх пластах запаўнення гаспадарчай ямы сустракаецца шмат вуголля. Астатнiя ямы слупавыя (дыяметрамi 20, 30 i 50 см i глыбiнёй 20—30см). Слой XVI — сярэдзiны XVII ст. залягае даволi роўным гарызантальным пластом магутнасцю 20—40 см i ўяўляе сабой цёмна-шэрую месцамi да чорнага, глебу, насычаную вугольчыкамi i кавалачкамi гарэлага дрэва, з уключэннямi чырвонай глiны, сырой i спечанай. Трапляюцца невялiкiя камянi. Напластаваннi тут утрымлiваюць вялiкую колькасць (да 300—400 адзiнак) разнастайных знаходак: у асноўным фрагменты керамiчнага i шклянога посуду i косткi жывёл, сустракаюцца кавалачкi кафлi, цэглы-пальчаткi, скуры, дрэва, а таксама жалезныя вырабы, шлакi. 3 найбольш рэдкiх знаходак можна назваць шчытковы бронзавы пярсцёнак i жалезны наканечнiк стралы, а таксама маленькi ножык (даўжыня ляза 5 см, а чарашка — 1—1,5 см). Верхнi гарызонт пласту XVI—сярэдзiны XVII ст. абмежаваны праслойкай пажару, якая прасочана па ўсёй плошчы раскопа. Гэты ж пажар быў зафiксаваны у раскопе II i шурфах 4 i 10. Праслойка пажару складаецца з вуголля, абгарэлых кавалкаў дрэва i камянёў, пашкоджаных агнём керамiчных вырабаў. Над пажарам у квадратах 2/4 зафiксавана праслойка спечанай чырвонай глiны сярэдняй магутнасцю 5—6 см. У квадраце 2 яна часткова знiшчана сучасным перакопам. Вышэй пласту пажарышча прасочваюцца земляныя працы па ўзвядзеннi вала у 70-х гг. XVII ст. Ядро насыпу чытаецца на профiлi па абрысу цёмна-шэрай i чорнай зямлi з вуголлем у межах квадратаў 1/3/5. Знаходкi у аснаваннi вала фрагментаў гербавай кафлi, якая вядома па ранейшых раскопках i датуецца 1670—1675 гг., сведчаць пра тое, што земляныя ўмацаваннi ўзводзiлiся пасля таго, як цалкам былi завершаны будаўнiчыя працы. Гэты пласт утварыўся у вынiку таго, што адкладаннi 1655—1675 гг.былi згорнуты з унутранай пляцоўкi замка на яе край — месца, дзе праектаваўся вал. У вынiку сюды трапiлi вуголле i ўключэннi спечанай глiны ад пажару, а таксама побытавыя рэчы i будаўнiчыя ма-тэрыялы перыяду рэканструкцыi замка. Наверх цёмна-шэра-чорнага ўзгорка быў насыпаны мацерыковы пясок, якi дасталi пры капаннi вадзянога рова. У сярэдзiне XX ст. вал на гэтым месцы быў знiвелiраваны, у вынiку чаго i утварыўся пласт пяску з плямамi шэрай зямлi, рэдкiмi вугольчыкамi i бiтай цэглай. Так сфармавалася сучасная дзённая паверхня на дадзеным участку помнiка. Такiм чынам, аналiз стратыграфii раскопа 2002 г. даў магчымасць выявiць i ахарактарызаваць бясспрэчны пласт першай фазы iснавання Глускага замка, пра-сачыць падэшву абарончага вала i больш дакладна прадатаваць час яго ўзвядзення, зафiксаваць прыкладную шырыню насыпу (каля 8 м), а нiвелiровачныя замеры на раскопе i на ацалелых фрагментах вала даюць магчымасць сцвярджаць, што ён узвышаўся над унутранай пляцоўкай замка не менш чым на 4 м. Характар земляных работ другой паловы XVII ст., прасочаных у раскопе VI, сведчыць, што мiкрарэльеф помнiка быў iстотна зменены iмi. Апроч таго, сабрана вялiкая калекцыя знаходак, якiя не толькi папоўнiлi археалагiчную калекцыю, але ўтварылi аснову той яе часткi, якая прадстаўляе першы перыяд функцыянавання помнiка, што у сваю чаргу дазволiць зрабiць параўнаўчы аналiз матэрыяльнай культуры замка XVI—сярэдзiны XVII ст. i другой паловы XVII—XVIII ст. Ірына Ганецкая (Мінск)
Гістарычна-археалагічны зборнік Iнстытута гiсторыi Нацыянальнай Акадэмiі навук Беларусі № 18. Мінск. 2003 |