ЗАМЦЫШЧА АДКРЫВАЕ САКРЭТЫ

Хоць і не адразу, а паступова, але ўсё ж гісторыя дзеліцца сваімі тайнамі

 

Не абдзелены Богам наш край: жывой зялёнай сцяной стаяць шчодрыя лясы, пад сінім купалам неба скрозь раўніны віруе рака, адзін за адным паўстаюць проста казачныя краявіды. Па вечарах клякочуць буслы, спяшаючыся прызнацца ў любасці да роднай зямлі. У суладдзі з гармоніяй пры-роды імкнуліся жыць стагоддзямі тут нашыя продкі. Сеялі жыта, кахалі, расцілі дзяцей, рыбачылі ў Пцічы, палявалі ў навакольных лясах, будавалі дамы і храмы, узвялі магутны замак на самым беразе ракі, каб бараніў іх ад небяспекі. Даўно адышлі тыя людзі, панесшы з сабой свае пачуцці, надзеі і расчараванні, але сляды іх жыцця, працы, таленту і сёння тоіць у сабе глуская зямля. Вось ужо другі сезон спрабуем адкрыць тыя векавечныя тайны. Які ж даробак прынеслі сёлетнія рё'копкі на тэрыторыі замку?

Перш за ўсё я хацела б выказаць шчырую падзяку ўсім дваццаці пяці школьнікам г. Глуска, якія бралі ўдзел у раскопках. Проста у захапленні ад кемлівасці і працавітасці Ігнатовіча Алешы, Лысянкова Дзімы, Марціновіча Рамана, Паўлава Сяргея, Дробава Ігара. 3 імі можна ісці ў разведку. Нічога б мы не зрабілі без дапамогі ды апекі загадчыка аддзела культуры Шулякоўскага Уладзіміра Аляксандравіча.

На гэты сезон мы ставілі перад сабой наступныя задачы: цалкам даследаваць мураваныя будынкі замка другой паловы XVII ст. (жылы корпус і надбрамную вежу), працягнуць вывучэнне прылеглай да будынка тэрыторыі з мэтай атрымаць інфармацыю пра гісторыю дадзенай мясціны. Мэты дасягнулі часткова. Вялікай і, скажам, не зусім прыемнай нечаканасцю было тое, што пад самымі мурамі выявілі старажытныя могілкі.

У раскопе і шурфах мы зачапілі адзінаццаць пахаванняў. Шэсць з іх зачысцілі, замалявалі, сфатаграфавалі з мэтай вывучэння пахавальнага абраду часоў позняга сярэднявечча, астатнія не раскрывалі. Межы могілкаў такія: яны прыкладна пачыналіся ад магазіна "Паляўнічы-рыбалоў" і канчаліся недзе за ФОКам. Справа ў тым, што калі капалі катлаван пад гэты будынак, то там поўна было людскіх касцей. У коўш экскаватара трапіла нават магільная пліта. Толькі дзе яна?.. Расказваў нам пра яе сам экскаватаршчык. Ён падыходзіў да нас і ў мінулым годзе і цяпер. Дарэчы, вялікі дзякуй усім жыхарам горада за звесткі па гісторыі замка за апошнія дзесяцігоддзі. Для нас каштоўная любая інфармацыя на гэты конт, мы ўсё запісваем. Дык вось пліта... Тады ніхто на яе не звярнуў увагі, не пацікавіўся надпісам. А ён, верагодна, быў.

Сталася так, што пахаванне над плітой надзвычай добра захавалася, паводле слоў відавочцы. Але не толькі гэта ўразіла яго: проста на вачах усё стала рассыпацца і ператварылася ў прах, быццам нічога і не было. Гэта як цуд, мроя. З'ява неверагодная, хоць і мае абсалютна рацыянальнае тлумачэнне. Археолагі, якія ведаюць і не раз сутыкаліся з ёй, і тыя бываюць моцна ўражаныя. А як жа інакш: раскрылі пахаванне, а там выдатна ўсё захавалася — і мяккія тканкі цела, прыгожыя адзенне і пакрывала, ва ўсіх колерах. І раптам на тваіх вачах за лічаныя хвіліны ўсё знікае і застаецца толькі шэры прах — ні фарбаў, ні матэрыі. Бывае, што працэс ідзе не так хутка і мастак (калі ён ёсць на раскопках) паспявае замаляваць, — гэта ўдача. Для таго ж каб захаваць такога кшталту знаходкі, мы не маем ні патрэбнага абсталявання, ні тэхналогіяў, ні спецыапістаў. У іншых краінах ёсць цэлыя інстытуты па кансервацыі і рэстаўрацыі знаходак. А да пліты ў той сітуацыі нікому не было справы, пэўна, вывезлі куды, а куды — ніхто не ведае. Шкада, бо яна дала б, верагодна, магчымасць дакпадна датаваць пахаванне.

Знаходзілі мы, як тое было і летась, кафлю. Яна звязана з будаўніцтвам раскрытага намі мураванага корпусу. Могілкі ж узніклі раней. Самае позняе — шасцідзсеятыя гады XVII ст. Не пазней. На момант пабудовы корпусу могілкі ўжо існавалі. Праслойка, што ўтварылася ў выніку функцыянавання будынку, перакрывае ўзровень магільных ямаў. Паколькі матэрыялаў раней XVI ст. са слаёў перыяду існавання замку мы пакуль не знайшлі, то могілкі можна з упэўненасцю датаваць XVI — першай паловай XVII ст. Больш дакладна цяпер сказаць цяжка. Ёсць версіі, але іх трэба правяраць. Адна з іх звязана з тым, што спачатку замак быў драўляным, але ў час вайны паміж Маскоўскім царствам і Рэччу Паспалітай, у склад якой тады ўваходзіла і Беларусь, актыўную ролю адыграла украінскае казацтва. Па дамоўленасці з Маскоўскім царом у 1655 г. атрад казакаў наляцеў на Глуск, узяў штурмам замак, спаліў яго і горад, абрабаваўшы і пабіўшы насельніцтва. 3 такіх налётаў складалася ўсё казацкае жыццё — наляцелі, учынілі гвалт, парабавалі, пахапалі ў палон і пайшлі. Палонных, асабліва дзяцей, потым прадавалі ў рабства, часта ў Турцыю. Дарэчы, тое ж рабілі і жаўнеры Аляксея Міхайлавіча. У першую чаргу бралі добрых майстроў, пра што існуе процьма дакументаў. Частка такіх фактаў прыведзена ў кнізе Абэцэдарскага "Белорусы в Москве XVII в.". Увогуле тая вайна была страшным ударам па генафондзе беларускай нацыі. Па-першае, загінула больш паловы насельніцтва. Па-другое, у сечах, баронячы Айчыну, гінулі больш маладыя, дужыя і адважныя. Па-трэцяе, здаровых, разумных, таленавітых і ўмелых забіралі ў палон. У час той вайны вялікая частка Масквы была заселена беларускімі майстрамі.

Чорная лраслойка ў зямлі, што аддзяляе, умоўна кажучы, "слой могілкаў" ад "слою мураванага будынка", хутчэй за ўсё і з'яўляецца следам таго пажару. Хутка пасля яго пачынае будавацца даследаваны намі корпус. Колькі часу прайшло да гэтага моманту пасля пажару? Тут можна толькі меркаваць.

Пажар адбыўся ў 1655 г., што зафіксавана ў дакументах, а праслойка пажару па ўзроўні супадае з дзённай паверхняй могілкаў. Першыя печы ў мураваным будынку складзены з кафляў, на якіх ёсць даты 1670 і 1675. Гэта, праўда, не азначае, што гмах узведзены менавіта ў тыя гады, але блізка каля таго. Што адбылося ў 1670 і 1675 гадах? Можа шлюб, можа пачатак і канец будаўніцтва, можа якая інакш важная падзея ў жыцці гаспадароў замка. Такім чынам, ад моманту пахавання людзей да будаўніцтва прайшло, верагодна, гадоў дваццаць. Але, паўтараю, атрыманыя матэрыялы яшчэ патрабуюць дэталёвага аналізу і інтэрпрэтацыі супастаўлення з іншымі крыніцам па гісторыі замка.

У мінулым годзе адначасова з расчысткай сутарэнняў корпусу мы ўскрылі прыкладна 16 кв. м. плошчы перад будынкам. Быў выбраны ўвесь культурны слой да самага мацерыка — прыкладна тры з паловай метры. Чалавечыя косці не сустракаліся. Усе выяўленыя праслойкі былі звязаныя з будаўніцтвам, рамонтамі, жыццём даследаванага корпусу. Калі б магілы былі вывернутыя падчас будаўніцтва, мы абавязкова знайшлі б нямала чалавечых касцей. А значыць, што або на гэтым месцы могілкаў ужо не было (што лагічна, бо зусім побач была дарога — уезд у замак), або, перш чым будаваць, рэшткі людзей, што ляжалі там, былі перазахаваныя.

Сёлета, калі пачыналі здымаць верхнія слаі на прылеглай да будынка тэрыторыі, то ўжо на ўзроўні першага паверха (над падлогай) пясок літаральна начынены быў людскім касцямі. Выглядае так, што замак быў разбураны на мяжы ХУІІІ-ХІХ ст. у мірны час (слядоў вайсковай навалы не выяўлена). Фрагменты сценаў выступалі над зямлёй. Каб схаваць іх, відаць, бралі пясок з тэрыторыі могілкаў, парушыўшы пры гэтым пахаванні, і засыпалі разваліны замка. Маглі пра могілкі забыцца і сталі браць адтуль пясок?

Баюся, што менавіта так і было. Я яшчэ не мела часу займацца росшукамі ў архівах, але калі змагу высвятліць, хто быў апошнім гаспадаром замка, тады здолею адказаць на пытанне: што здарылася ў Глуску ў канцы XVIII-пачатку XIX стагоддзя? Пакуль жа ніхто з вядомых мне даследчыкаў не займаўся дадзенай праблемай. У літаратуры такіх звесткаў таксама не знайшла.

Можа ўзнікнуць і іншае пытанне: ці ставілі тады помнікі і крыжы на магілах?

Ставіць-то ставілі, але ці заўсёды? Вось гэтага ніхто не ведае. Увогуле познесярэднявечныя пахаванні — невывучаная сфера. Звычайна археолагі натрапляюць на пахаванні над падлогамі храмаў падчас архітэктурных раскопкаў. З'ява вельмі характэрная для Беларусі. Дарэчы будзе адзначыць, што вынікі нашых раскопак даюць добры матэрыял менавіта па праблемам пахавальнага абраду XVI-XVII стагоддзяў. Як сказана, тэма зусім нераспрацаваная. Таму летні раскоп тое-сёе праясніў.

Усе людзі былі пакладзены ў труну, галавой на захад, рукі складзены або на грудзях, або на жываце. Цікавай асаблівасцю з'яўляюцца сляды вогнішча ў нагах. Часам вогнішча вышэй, часам ніжэй, але заўсёды ў самой магільнай яме. Тое ж назіралася ў пахаваннях у Магілёве. Адзначаная дэталь патрабуе спецыяльнага вывучэння і тлумачэння. Магчыма, гэта сведчанне рудыментаў язычніцтва ў светапоглядзе нашых продкаў.

Асобна трэба сказаць пра тры магілы, выяўленыя ў шурфе. Першым расчысцілі пахаванне дарослага мужчыны. На чэрапе злева быў пралом, паходжанне якога ні вывучыць, ні зафіксаваць не паспелі: нехта выкраў чэрап, раскапаўшы спецыяльна засыпаныя рэшткі чалавека (незразумела, каму гэта спатрэбілася і навошта... Інакш як дзікунствам не назавеш). Пазней (можа і праз дзень) на тым самым узроўні ўпушчана было дзіцячае пахаванне, яно нават зачапіла яму папярэдняга. Тут, як нідзе больш, добра захаваліся дошкі ад труны. Крыху далей — яшчэ магіла дарослага, нават сталага, ад якога застаўся толькі чэрап і некалькі фрагментаў кепска захаваных касцей. Ці была гэта сям'я?

Хутчэй за ўсё не. Мужчынскае і дзіцячае пахаванні, напэўна, звязаныя паміж сабой, трэцяе ж — малаверагодна. Яно і задалека, ды па ўзросце. Хаця хто яго ведае. Наогул жа і раней знойдзеныя магілы размешчаны па-рознаму. Напрыклад, дзве магілы, якія мы зачышчалі ра-зам, былі ўвогуле ўпрытык. На профілі абрысы асобных ямаў не чыталіся. Потым адразу ішла трэцяя — гэтая з асобнай ямай. Увогуле там атрымліваецца на адрэзку 2 м 20 см тры магілы. Цесна? У самым пачатку ў мяне зусім была думка, што гэта нейкая брацкая магіла... Але нешта канкрэтнае пакуль сказаць нічога не магу. Трэба ўважліва паглядзець і прааналізаваць чарцяжы.

Апроч касцей, рэшткаў трунаў і цвікоў у пахаваннях не было ніякіх рэчаў. Абсалютна нічога. Адзенне, мяккія тканкі цела — усё сатлела, ператварылася ў прах. Вось, напрыклад, у Гродна пры раскопках былога фарнага касцёла ў адным пахаванні мы знайшлі металічны ружанец і бронзавы медальён. Рэчы з металу, шкла, керамікі, каменю захоўваюцца: што лепш, што горш, але нешта застаецца. Бывае захоўваюцца і тканіны, дрэва, косць, але радзей і горш. Склалася ўражанне, што ўсе зачэпленыя намі пахаванні зроблены прыкладна ў адзін час — надта ўсё падобна, нават да сантыметру супадаюць па шырыні магільныя ямы, ды і месца выбрана дзіўнае — пад самым замкам, а можа і на ім. А з гэтага вынікае, што могілкі ўзніклі пасля нейкай навалы. У такім выпадку, хто там будзе спецыяльна нейкія асаблівыя рэчы шукаць, каб пакласці з нябожчыкам...

Як жа ў цэлым ацаніць вынікі раскопак? Самае галоўнае, што сёлета мы змаглі прасачыць абрысы гэтай жылой пабудовы. На жаль, не ўдалося знайсці вежу, праз якую быў уваход у замак, што прымыкала да даследаванай пабудовы. 3 паўднёвага боку блізка бастыён, значыць вежа павінна быць недзе з поўначы. Мы там закладвалі шурф. У тым шурфе і спадзяваліся выявіць рэшткі вежы. Але іх не аказалася. Значыць, яна магла размяшчацца глыбей крыху, далей у бок двара. Трэба знайсці, дзе яна прымыкала да будынка. Удалося выявіць стратыграфічна ўзровень, калі перастаў існаваць замак, дзённую паверхню яго функцыянавання, на момант пахаванняў, пажару, праслойкі дазамкавага часу. Па знаходках усе гэтыя слаі добра датуюцца.

Чаму ж скляпенні падвалаў закопчаныя? — Можа ўзнікнуць і такое пытанне. А гэта пасляваенны пажар. Ужо ў наш час. Там промкамбінатаўскі склад і сушылка драўніны былі. Замкнула электраабсталяванне, адбыўся пажар, пасля якога падвалы ніяк не выкарыстоўваліся і пачалі разбурацца.

Увогуле замак пашкоджаны страшна. Гадоў сорак назад падвалы былі цэлыя, а цяпер фактычна знішчаныя. Пакуль немагчыма сказаць, на колькі працэнтаў, але пашкоджаны моцна. Прычым разбураўся наўмысна людзьмі. Трэба сказаць, што гэта чорная старонка глускай гісторыі. Цікава, што нам удалося знайсці патаемны падземны выхад з замка. У яго можна было трапіць толькі з падзямелля праз пралом у сцяне. У сцяну (падземную) былі ўмураваныя тоўстыя жалезныя штыры, на якіх віселі завесы ад дзвярэй.

Падземны выхад выводзіў па-за межы замку, на роў, які ішоў вакол замку. Можна было непрыкметна выйсці з замку для назірання або выслаць лазутчыкаў. Гэта стопрацэнтны падземны ход. Мы тут шмат разоў чулі пра падземны ход да Бабруйска, але пакуль не маем магчымасці праверыць гэтыя звесткі. Наогул, у Беларусі ў адрозненне ад Расіі ўвогуле было вельмі шмат замкаў. I драўляных, і мураваных. Вось тут побач з Глускам ёсць вёска Гарадок. Назва такая, што там абавязкова павінны быў быць замак і сляды замчышча, напэўна, засталіся, хутчэй за ўсё на беразе Пцічы. Я проста не сумняваюся. ў гэтым. Сам тапонім такі — гарадок, значыць, агароджанне, умацаванае месца, замак. Цікава было б там таксама пакапаць, высветліць, як храналагічна ён суадносіцца з Глускам. Калі сінхронны, то несумнена абодва замкі ўяўлялі сабой адну сістэму абароны. На тэрыторыі Глускага замка пакуль нічога раней за XVI ст. не знаходжу. Сёлета трапілася некалькі фрагментаў керамікі, якія датуюцца ХІІ-ХІІІ стаг., але яны паходзяць з насыпнога слою, які можа быць не звязаны з замкам, а прывезены адкуль-небудзь.

Ведаю, шмат каго зацікавіла цэгла, з якой складзены замак, для нашага часу яна незвычайная. Міжтым гліна для цэглы патрэбна звычайная, і яна ў нас ёсць усюды. Маглі вазамі цэглу прывозіць адкуль-небудзь. Але звычайна майстры-будаўнікі вандравалі. Атрымалі заказ у якім-небудзь месцы, вырабілі цэглу, пабудавалі, пайшлі на іншае месца выконваць новы заказ. У такім выпадку ўсё рабілася на месцы. Печы для абпалу цэглы былі даволі прымітыўнымі і і х можна было зрабіць у любым месцы. Ну а з глінай, паўтаруся, не было ніякіх цяжкасцяў. Тады і посуд керамічны ўсюды выраблялі. Яна была ў вельмі шырокім ужытку, недарагая, таму не шкода было выкінуць, калі нешта білася (а здаралася гэта часта). Вось таму і знаходзім шмат чарапкоў. Металічны посуд быў толькі ў заможных людзей, напруклад, медныя катлы, міскі і інш. Калі чытаеш інвентары XVI – XVIІ стаг., то ўсе металічныя пасудзіны пералічаны, бо яны былі дарагія. Адно з цікавых пытанняў: колькі магло доўжыцца будаўніцтва замка? Гэта звычайна залежала ад маёмаснага стану гаспадара, ад таго, наколькі вострая неабходнасць была ў замку. Калі казаць пра Глускі мураваны замак, то гаспадары ў XVII ст. былі багацейшымі за самога караля, а палітычная сітуацыя вельмі неспакойная. Усё гэта значыць, што замак маглі ўзвесці вельмі хутка. Тут мы павінны яшчэ мець на ўвазе, што пад замкам трэба разумець не толькі вежу і палац, а не ў меншай ступені земляныя ўмацаванні (валы, бастыёны, рвы), якія забяспечвалі непрыступнасць фартэцыі.

А як растлумачыць тое, што ў сутарэннях бачныя ўстаўкі розных камянёў-валуноў у цагляную муроўку? Гэта таксама характэрная для таго часу тэхніка муроўкі — змешаны мур. Так збудаваныя ўсе нашы замкі. Напрыклад, Мірскі, Крэўскі ці Лідскі. Там можна ўбачыць тое ж самае. У цокальных паверхах валуны ў муроўцы выходзілі на паверхню. Гэта мела і функцыянальнае (сцены былі мацней, ашчаджалася цэгла) і дэкаратыўнае значэнне. Да таго ж такая была традыцыя. Уверсе мур быў чыста з цэглы. Унутры паўднёвай сцяны вялікі валун засланяе нейкую адтуліну ў муроўцы... Гэта дымаход. Ён пачынаецца ўнізе, у падвале. Дымаход у сцяне не проста адразу выходзіў наверх, але ішоў своеасаблівым змеевіком, пры гэтым дадаткова награваліся сцены, паляпшалася цяга. Падобна, што яшчэ мы выявілі вентыляцыйную адтуліну ў таўшчэзных сценах. Унутраныя сцены, паміж пакоямі — 80-85 см, а вонкавыя, фасадныя — 150-170 см. Яны выходзілі на вуліцу і павінны былі быць моцнымі.

На цэгле можна бачыць нейкія меткі. У прынцыпе характэрныя знакі, клеймы ставілі на цэгле ў XI-XIII ст. У ХІV-ХV ст. знакі, але не клеймы, сустракаюцца рэдка. Потым яны зусім знікаюць. Затое з'яўляюцца характэрныя барозны, як мы іх называем — "пальцы". Майстар па сырой яшчэ цагліне праводзіў пальцамі, у выніку засталіся пэўныя сляды. Кожны майстар ставіў барозны па-свойму: трыма пальцамі, чатырма, або драўлянай грабенкай. Праводзілі прама ці па дыяганалі, да канца ці да паловы. Тут, у Глуску, выявілі адну партыю цэглы, дзе трыма пальцамі праведзены дзве дыяганалі. Вельмі рэдкі выпадак. Аналагічны матэрыял знаходзілі толькі ў Мсціславе. У XVIII ст. знікаюць і сляды пальцаў. У ХІХ-ХХ ст. з'яўляюцца шматлікія цагельні фабрычнага тыпу, дзе амаль заўсёды ставілі кляймо з назвай мясцовасці, імем гаспадара, а часам года.

А вось на посудзе датаў не ставілі, але часта мянялася мода на формы, таму керамічны посуд — найлепшы масавы датуючы матэрыял у археалогіі. Шкада, што не мела часу клеіць кераміку ў працэсе раскопак, бо працавала без мастака, без лабаранта, без фатографа. "Расшыфроўваць" буду ў Мінску. А ўвогуле па знаходках яшчэ мала што магу сказаць, бо пакуль дэталёва не займалася іх апрацоўкай. Гэта наперадзе. Пачакаюць свайго часу і слоікі, бутэлькі, вялікія і маленькія, аптэкарскія, скляніцы, келіх. Як і сёння, тады посуд таксама дзяліўся на кухонны (гаршкі, патэльні, макорты і інш.), сталовы (талеркі, міскі, кубкі), парадны (дэкаратыўныя талеркі, куфлі, вазы, якімі ўпрыгожвалі інтэр'ер).

А з металічных вырабаў знаходзілі не толькі цвікі. Знайшлі жалезны ключ ад унутранага замка Х\/І-Х\/ІІ ст. Яго даўжыня недзе 10-12 см. Нават бародкі захаваліся, толькі чысціць.давядзецца. Тады можна будзе датаваць дакладней. Знайшлі завесы ад дзвярэй — рэдкая знаходка. Сёлета папоўнілася калекцыя манет на чатыры экземпляры. Сярод іх тры соліды, разменная манета Вялікага Княства Літоўскага сярэдзіны XVII ст., на адной чытаецца дата — 1663, калі не памыляюся. Гэта маленькія, вельмі тонкія медныя манеткі, на адным баку партрэт і імя караля (у адным выпадку Яна Казіміра Вазы, на другім — дзяржаўны герб "Пагоня" і дата выпуску). Чацвёртая — медная манета Расійскай імперыі часоў Кацярыны II, дата кепска чытаецца, але магчыма гэта 1763 г. Дарэчы дзве манеты знайшоў вучань СШ № 3 Сяргей Паўлаў, адну — Дзіма Лысянкоў таксама з трэцяй школы. Соліды маленечкія, недзе 1 сантыметр у дыяметры, і танюсенькія. Чацвёртая — большая і таўсцейшая. Па-мойму, гэта расійская адна капейка. На адным баку двухгаловы арол, а на другім — ініцыялы Кацярыны II і дата.

Знайшлі і шмат прыгожай кафлі. Ёсць некалькі новых тыпаў. На адной — звер, на другой — кветка, галінка... I з ягадамі ёсць, і з арламі.

Кажуць, калі тут усё бурылі падчас будаўніцтва стадыёна, то цэлую падлогу з плітак адкапалі, прыгожую, арнаментаваную. Трактар па ёй ездзіў, ніяк не мог зламаць. Гэта магло быць у касцёле. У даследаваным будынку на першым паверсе падлога была з гліны, на другім, калі ён быў, — невядома.

Аднак, на жаль, не ўсё з запланаванага атрымалася і на гэты раз. Так, не ўдалося знайсці вежу. Я вельмі расчараваная гэтым, бо летась усё здавалася зразумелым.  Самае  каштоўнае,  што змаглі выявіць — напластаванні Х\/І-Х\/ІІ ст., у тым ліку і тыя, што папярэднічалі мураванаму замку. Да таго часу адносяцца некалькі праслойкаў, якія перамяжаюцца слядамі пажараў. Людзі жылі, перыядычна гарэлі, зноў адбудоўваліся. Праўда, на жаль, тыя праслойкі вельмі бедныя на знаходкі, усяго некалькі чарапкоў. Але галоўнае — ацалелі яшчэ астраўкі слою. Можна яшчэ нешта знайсці.

Нягледзячы на маштабныя земляныя працы, якія перанёс замак за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў, ёсць яшчэ месцы некранутага слою.

Як і пасля леташніх раскопкаў, зноў хочацца жыхарам мястэчка параіць наступнае. Вялікую шкоду прыносяць дрэвы, якія растуць на саміх мурах. Кожную хвіліну яны ўсё больш і больш знішчаюць замак сваімі каранямі. I карчаваць іх нельга. Пасля леташніх раскопак іх спілавалі, але вельмі высока, яны працягваюць расці, а карані не перастаюць рабіць сваю чорную справу — літаральна выядаюць сцены. Дрэвы неабходна спілаваць пад самы корань. Ідзе акрамя таго стыхійнае разбурэнне валоў мясцовымі жыхарамі, свядома ці несвядома — вынік адзін. Людзі самі падкопваюць валы, бяруць пясок, быццам іншых месцаў няма. Нельга гэтага рабіць. Такія дзеянні кваліфікуюцца як нанясенне шкоды помніку гісторыі і археалогіі, падпадаюць пад "Закон аб ахове і зберажэнні гістарычнай спадчыны" і цягнуць за сабой адказнасць. Ды і сметнікі, бур'ян на валах і за імі трэба было б прыбраць. Яны, канечне, не надаюць ні прыгажосці краявіду, ні аўтарытэту гораду. Мне здаецца, на гэта неабходна звярнуць увагу і ўпарадкаваць замчышча, паставіць ахоўны знак з прыкладна такім тэкстам: Глускі замак. Помнік археалогіі і фартыфікацыі ХУІ-ХУІІІ ст.". Нельга забываць, што гэты помнік археалогіі ўнесены ў "Збор помнікаў" пад нумарам 754 ў томе "Магілёўская вобласць". Збор ..." — дзяржаўны рэестр помнікаў гісторыі, археалогіі, архітэктуры, які складаўся дваццаць гадоў і ўключае помнікі, ахоўваемыя дзяржавай. I Глускі замак занесены туды. I ён ахоўваецца дзяржавай. Валы капаць нельга, разбураць рэшткі пабудоваў нельга. I сметнік там рабіць таксама нельга. I трэба тлумачыць гэта людзям. Пра тое ж нагадваў бы і ахоўны знак. Мясцовыя ўлады абавязаныя сачыць за ўсім гэтым. Яшчэ хацелася б звярнуць увагу на такі аспект — адсутнасць краязнаўчага музея ў Глуску. На мой погляд, сітуацыя ненармальная. Такога я не бачыла нідзе, хоць не магу казаць за ўсе раёны Беларусі. Надышоў час ставіць пытанне пра тое, каб знайсці добрага чалавека, які б хоць у адной асобе пачаў збіраць матэрыялы і фармаваць фонды будучага музея. Фонды — падмурак музея, які не створыш ні за год, ні за два. Трэба збіраць і рэчы, і пісьмовыя дакументы, і фотаздымкі, і карціны, і любую інфармацыю ад глыбокай старажытнасці да нашых дзён (і яны хутка стануць гісторыяй!). Ведаю, у Глускім раёне ёсць некалькі музеяў пры школах. Але школьны музей — гэта цудоўна, аднак не тое. Патрэбны нармальны музей, які б быў культурна-асветніцкім навуковым цэнтрам рэгіёна. Краязнаўчы музей, нават раённага маштабу, займаецца навукова-даследчыцкай працай. У яго сцякаецца ўся інфармацыя з усяго раёну. Толькі пры гэтым лічу неабходным падкрэсліць: музей пачынаецца не з памяшкання. Ні ў якім разе. Музей пачынаецца з асобы. Найперш трэба знайсці нармальнага чалавека, прафесіянала і энтузіяста, які б гэтым займаўся.

Думаю, калі будзе ўсвядомлена неабходнасць музея, чалавека знайсці можна. Цяпер пры двух універсітэтах рыхтуюць прафесіяналаў-музеязнаўцаў. Так што можна паслаць свайго чалавека. Можна пашукаць сярод сённяшніх студэнтаў. Тут і я змагу дапамагчы. Па-першае, там працуюць мае калегі, па-другое, і мяне запрашаюць пачытаць спецкурсы будучым музейшчыкам, каб яны лепш ведалі матэрыялы сваіх фондаў. Паўтаруся, калі ёсць на месцы разуменне неабходнасці гэтай справы, трэба шукаць талковага чалавека, які б зацікавіўся, пачаў збор інфармацыі, фармаванне фондаў будучага музею. Без гэтага памяшканне не патрэбна. Для чаго яно тады, для каго?

I яшчэ. Мы б з вялікім задавальненнем маглі паказаць глусчанам усё цікавае, што нам удалося знайсці тут за два сезоны. У любы час, у любым памяшканні. Патрэбна зусім нямногае, а, як звычайна бывае ў такіх выпадках, сустрэчны рух. Мы, як гаворыцца, свой крок ужо зрабілі.

I. ГАНЕЦКАЯ,  кандыдат гістарычных навук, археолаг Акадэміі навук РБ.

 

У час раскопак Глускага замчышча

 

Кандыдат гістарычных навук Ірына Уладзіміраўна Ганецкая занатоўвае ў журнал археалагічныя знаходкі

 

Ля ўваходу ў падзямелле

 

Пахаванне

 

Знаходкі

 

          

Вось яны -- актыўныя ўдзельнікі летняга сезона раскопак Глускага замчышча

Фота I. КІРЫНА

«Радзіма» № 79 (15.10.1997), № 80 (18.10.1997), № 81 (22.10.1997), № 84 (1.11.1997)