Навуковая спадчына Міхася Аляксандравіча Ткачова найперш адлюстроўвае гісторыю абарончага дойлідства Беларусі. Не будзе перабольшаннем сказаць, што менавіта ён зрабіў першы крок у сістэматычным вывучэнні беларускіх замкаў [1]: распрацавана іх храналогія, класіфікацыя паводле фартыфікацыі і па форме ўласнасці, апісана эвалюцыя абарончых збудаванняў на працягу шасці стагоддзяў. Вялікім дасягненнем М.А.Ткачова з'яўляецца тое, што помнікі разглядаюцца не проста самі па сабе як матэрыяльныя аб'екты, а ў кантэксце беларускай гісторыі, у сувязі з дзейнасцю людзей, якія будавалі, насялялі, абслугоўвалі і абаранялі старадаўнія фартэцыі: ад магнатаў да рамеснікаў і простых сялян. Зробленае гэтым аўтарам можна параўнаць з эскізам вялікага эпічнага палатна. Наступным даследчыкам трэба будзе ўдакладняць яго, дэталізаваць прысутныя і дапісваць новыя фрагменты, каб атрымаць сапраўдны шэдэўр пад назвай "Замкі Беларусі".

Пра Глускі замак навуковыя публікацыі пачынаюцца з артыкула Анатоля Рынейскага, у якім аўтар надрукаваў вынікі абследавання рэчышча Пцічы [2, с. 197-214]. Археолаг зняў план замчышча, апісаў стан помніка на той час. Валы і бастыёны ў цэлым яшчэ існавалі, толькі месцамі былі пашкоджаны выемкамі грунту. На палігоне былі размешчаны драўляныя пабудовы (не зразумела, якога прызначэння), агароды, мураваны касцёл (ён нанесены і на план), два невялікія вадаёмы. Паўднёвая частка пляцоўкі была моцна забалочана.

У дзвюх публікацыях гісторыка архітэктуры Ю.А.Якімовіча, якія сталіся вынікам шматгадовай працы ў архівах Мінска, Вільні, Варшавы, Пецярбурга, Масквы, прыводзяцца звесткі і пра Глускі замак: манаграфія "Зодчество Белоруссии XVI - середины XVII в."[3] і артыкул "Драўляныя замкі Беларусі" [4, с. 120-124]. Абапіраючыся ў асноўным на дадзеныя пісьмовых крыніц (пераважна інвентароў), даследчык схематычна, наколькі дазваляў сабраны матзрыял, але ў цэлым адэкватна адлюстраваў гісторыю Глускага замка, асабліва першай фазы яго існавання. Ю.Якімовічам улічаны граматы другой паловы XVI ст., дзе пералічаны гаспадары і ўмацаванні замкаваго часу, інвентары XVII ст. Уважлівае вывучэнне архіўных дакументаў дазволіла яму пазбегнуць памылак і вельмі спрэчных рэканструкцый, таму ўся інфармацыя, змешчаная ў публікацыях гэтага даследчыка, выклікае давер.

Найбольш падрабязна гісторыя Глускага замка напісана М.А.Ткачовым [5]. Асновай для напісання фрагмента манаграфіі "Замкі і людзі" і асобнага артыкула ў энцыкпапедыі "Археалогія і нумізматыка Беларусі" паслужылі пісьмовыя крыніцы (асабліва інвентары канца ХУІІ-ХУІП ст.). Выкарыстаны таксама дадзеныя невялікіх раскопак (12 кв. м) Г.М.Сагановіча ў 1988 г. [6]. Не абмінуў аўтар увагай і мясцовыя легенды. Дык якім паўстае Глускі замак на старонках публікацый М.А.Ткачова?

У спецыяльным раздзеле, прысвечаным дадзенаму помніку, пералічваюцца імёны гаспадароў, якія ўдалося ўстанавіць паводле пісьмовых дакументаў. Коратка выкладзена і гісторыя замка, згаданы падзеі, якія паўплывалі на яго стан. Далей, грунтуючыся на звестках інвентароў, М.Ткачоў дэталёва апісвае склад гарнізона, арганізацыю аховы замка, пералічвае спецыяльнасці і імёны замкавых рамеснікаў, падрабязна характарызуе абарончыя збудаванні. Тое, што на момант напісання манаграфіі на тэрыторыі замка фактычна не было праведзена сур'ёзных археалагічных даследаванняў, прывяло да некаторых памылковых і эмацыянальных канстатацыяў і высноваў. Па-першае, некрытычна ўспрыняўшы інфармацыю Л.Д.Побаля, М.Ткачоў услед за ім паўтарае, што замак узнік на месцы гарадзішча ранняга жалезнага веку, жыццё на ім працягвалася і ў "часы Кіеўскай Русі". Наступныя археалагічныя раскопкі паказалі, што такія катэгарычныя сцвярджэнні неапраўданыя. Недахоп крыніцаў вымусіў даследчыка гіпатэтычна рэканструяваць змену ўласнікаў замка і няслушна датаваць перабудову фартэцыі ў замак бастыённага тыпу, зыходзячы, верагодна, з аналогіяў з іншымі помнікамі. Такі падыход не можа лічыцца надзейным. Не адпавядае сапраўднасці і сцвярджэнне аб наяўнасці "скляпеністага каменна-цаглянага ходу" ўнутры валоў [5, с. 117]. Тут, несумненна, паўплывалі мясцовыя легенды пра падземныя хады, і рамантычная натура М.Ткачова легкаверна ўспрыняла іх. У цэлым жа, менавіта ў публікацыях М.Ткачова ўтрымліваецца самая падрабязная інфармацыя пра Глускі замак, яго гісторыю, ролю мясцовых жыхароў, цытуюцца некаторыя пісьмовыя дакументы са спасылкамі на архівы, што не заўсёды знойдзеш у Ю.Якімовіча.

ПІСЬМОВЫЯ КРЫНІЦЫ

Корпус пісьмовых крыніц па даследаванай тэме малым не назавеш. Усяго на сённяшні дзень улічана 55 архіўных дакументаў. Частка з іх выкарыстоўвалася даследчыкамі раней, і звесткі з іх трапілі ў друк, як правіла, у вольным пераказе асобных фрагментаў [3; 4; 5]. Дакументы надрукаваны ў перакладзе толькі ў другім томе зборніка "Беларусь в эпоху феодализма" (данясенне гетмана І.Залатарэнкі цару Аляксею Міхайлавічу і Інвентар Глускага графства 1708 г.), а таксама ў кнізе "Памяць. Глускі раён", дзе можна знайсці важныя сведчанні, якія адлюстроўваюць першыя старонкі гісторыі Глуска-Дубровіцкага, а таксама некалькі сюжэтаў, звязаных з казаччынай і вайной сярздзіны XVII ст. Вялікую колькасць матэрыялаў з польскіх архівау, звязаных з жыццём і дзейнасцю А.Палубінскага, аўтару перадаў польскі даследчык вайсковай гісторыі, прафесар Варшаўскага універсітэта М.Нагельскі, за што шчыра ўдзячна яму. Інфармацыя нярэдка паўтараецца ў розных дакументах, асабліва ў дачыненні да падатковых ільготаў пасля Маскоўскай вайны 1654-1667 г. Увесь корпус пісьмовых крыніц можна падзяліць на некалькі тэматычных блокаў. Коратка ахарактарызуем кожны з іх.

Найперш даследчыку трэба адказаць на пытанне: калі паўсталі Глуск-Дубровіцкі і сам замак. Вырашэнне гэтай праблемы моцна ўскладняецца фактам існавання двух паселішчаў з назваю Глуск: Глуск-Пагарэлы і Глуск-Дубровіцкі. Першае з іх больш старажытнае, а таму ў перыяд, калі быў адзін Глуск, паселішча фігуравала ў крыніцах пад назвай проста "Глуск", і толькі пасля ўзнікнення другога паселішча тапонімы сталі ўжывацца з удакладненнем, ды і то не заўжды. У шэрагу выпадкаў указваліся гаспадары таго Глуска, пра які ішла размова.

Наш замак звязаны толькі з пазнейшым паселішчам. Папярэднія даследчыкі чамусьці не звярталі ўвагі на такую "тапанімічную" сітуацыю, таму пытанне датыроўкі заснавання сучаснага мястэчка (Глуск-Дубровіцкі) у літаратуры надзвычай заблытана, а глушчане яшчэ ў 1996 г. адсвяткавалі 600-годдзе свайго горада. У святле склаўшыхся абставін надзвычайную важнасць набываюць дакументы, якія дазваляюць устанавіць гісторыю валодання замкам - калі і ў чыёй уласнасці ён знаходзіўся. Такіх дакументаў маем трынаццаць. Яны ўсе надрукаваныя, датуюцца 1522 г. [7], 1561 г. [8], 1571 г. [9], 1581 г. [10], 1597 г. [11], 1626 г. [12], 1628 г. [7, с. 62-63], 1692? [13] г., 1708 г. [14, с. 210-223], 1720 г. [15], 1724 г. [16], 1755 г. [4, с. 123], 1756 г. [ 17] і дазваляюць у цэлым асвятліць гэты сегмент гісторыі замка. Першы з іх - грамата Вялікага княза Літоўскага і караля Польскага Жыгімонта І Старога князю Юрыю Дубровіцкаму, датаваная 20 снежнем 1522 г. - пралівае святло на час узнікнення Глуска-Дубровіцкага і замка. Наступныя пяць дакументаў, за выключэннем датаванага 1597 г., - дамовы аб куплі-продажы або падзеле замка з даволі падрабязным пералічэннем элементаў фартыфікацыі і замкавай зброі. Апошнія шэсць адзінак - інвентары, у якіх, зразумела, таксама ўказаны гаспадары замка.

Ва ўсіх згаданых дакументах, апроч прозвішчаў гаспадароў, утрымліваюцца звесткі пра ўмацаванні, будынкі, жылыя і гаспадарчыя, арсенал зброі, рамёствы, якія існавалі ў замку. Асабліва каштоўныя ў гзтым сэнсе інвентары, дзе апісанні вельмі падрабязныя, ёсць таксама інфармацыя пра арганізацыю абсяугоўвання замка, павіннасці мяшчан і сялян па ўтрыманні фартэцыі. Вядома шэсць інвентароў (1692,1708,1720,1724,1755,1756 г.), якія захоўваюцца ў нашым гістарычным архіве. На вялікі жаль, усе яны датычацца толькі перыяду, калі замак належаў ужо Радзівілам.

Рукапіс "Architecturae Militaris Praecognita. МDСХLV" з запісамі, у якіх утрымліваюцца спасылкі на А.Палубінскага і Глускі замак і якія датуюцца 1668 і 1677 г., дае дакладную дату перабудовы замка ў бастыённую фартэцыю, дазваляе скласці поўнае ўяўленне пра новую сістэму абарончых умацаванняў.

Пра эканамічны стан замка і мястэчка, апроч інвентароў, ёсць сведчанні ў шэрагу дакументаў XVII ст. Гэта пераважна пастановы сеймаў аб вызваленні Глуска ад падаткаў, ацэнка маёмасці А.Палубінскага шведамі, на службе ў якіх ён пэўны час знаходзіўся, каралеўская грамата 1646 г. аб наданні права на штогадовы кірмаш у мястэчку Глуск [18, с. 186-187]. Трэба адзначыць, што з архіўных звесткаў у сукупнасці паўстае больш-менш ясная карціна эканамічнага жыцця замка ў ХVІІ-ХVІІІ ст. Што да ранейшага перыяду, то інфармацыя з грамат па куплі-продажу і падзелу носіць фрагментарны характар. Тлумачыцца гэта тым, што замкам валодалі адначасова некалькі асобаў, і назваць яго стан добрым не выпадае.

У сувязі з казацкай пагрозай у XVII ст. і Маскоўскай вайной фартэцыя ў Глуску набывае асаблівае значэнне. Падзеі тых часоў знайшлі сваё адлюстраванне ў шэрагу дакументаў, іх вядома сем і датуюцца яны перыядам ад 1616 да 1665 г. 3 іх надрукаваныя толькі тры: два ў кнізе "Памяць. Глускі раён" [7, с. 62, 73] і адзін у зборніку "Белоруссия в эпоху феодализма" [19,с. 120-121].

Пісьмовыя крыніцы ў цэлым характарызуюць асноўныя падзеі жыцця А.Палубінскага, пры якім Глускі замак дасягнуў свайго росквіту. У архіўных дакументах утрымліваюцца звесткі пра яго ўдзел у вайсковых дзеяннях, у тым ліку па абароне Глускага замка падчас вайны, клопат пра рэканструкцыю фартэцыі, запрашэнне айцоў бернардынаў і выдзяленне пляцу для пабудовы кляштара і касцёла на тэрыторыі замка.

Такім чынам, база пісьмовых крыніц па гісторыі Глускага замка немалая і пралівае святло на розныя аспекты жыцця фартэцыі: валоданне, абарона, эканоміка, жылыя і гаспадарчыя пабудовы, штодзённасць, падзеі войн XVII ст., касцёл і кляштар. Трэба, аднак, заўважыць, што не ўсе праблемы і перыяды гісторыі можна рэканструяваць на падставе пісьмовых крыніц. Дадзеныя часам носяць фрагментарны і эпізадычны характар, таму надзвычайную ролю набывае археалогія, якая не толькі дае магчымасць верыфікацыі і ўдакладнення пісьмовых сведчанняў, але нярэдка і запаўняе лакуны ў гістарычнай рэканструкцыі.

АРХЕАЛАГІЧНЫЯ КРЫНІЦЫ

Археалагічнае даследаванне замка праводзіцца ў наступных кірунках: высвятленне характару і храналогіі культурных напластаванняў; аналіз развіцця дрэва-земляных умацаванняў; выяўленне і вывучэнне падземных архітэктурных канструкцыяў, арыгінальных ці перабудаваных элементаў пабудоў; вывучэнне інтэр'ера; інжынерных і гаспадарчых сістэм; пошук і лакалізацыя страчаных элементаў ансамбля; істотным момантам з'яўляецца выдзяленне ўзроўню будаўнічых перыядаў помніка і іншых старажытных паверхняў і ўстанаўленне іх храналогіі, вывучэнне матэрыяльнай культуры. Археалагічныя матэрыялы даюць маг-чымасць распрацаваць адносную і абсалютную храналогію жыцця замка (скажам, усе археалагічна атрыманыя даты знайшлі сваё пацвярджэнне ў пісьмовых крыніцах і наадварот), забудовы, ахарактарызаваць у цэлым матэрыяльную культуру, асвятліць некаторыя аспекты штодзённага жыцця. Усяго на тэрыторыі Глускага замка раскапана 250 кв. м плошчы, у выніку чаго былі адкрыты вежа-брама з патаемным падземным ходам, сярэднявечныя могілкі, вывучана канструкцыя вала, сабрана велізарная колькасць археалагічных знаходак.

Будаўнічая гісторыя замка. Падчас раскопак пад сумненне была пастаўлена прынятая ў літаратуры дата заснавання замка. Насуперак распаўсюджанай у публікацыях версіі аб існаванні Глускага замка з ХП-ХІІІ ст. ніякіх напластаванняў ці знаходак раней XVI ст. на помніку не выяўлена, што цалкам узгадняецца з інфармацыяй з граматы Жыгімонта I, датаванай 1522 г., аб збудаванні князем Юрыем Дубровіцкім мястэчка і замка Глуск. Паводле заснавальніка паселішча і пачалі называць Глускам-Дубровіцкім.

Археалогія дазволіла таксама ўстанавіць і ўдакладніць даты рэканструкцый, рамонтаў і разбурэння помніка, ахарактарызаваць тэхналогію будаўніцтва і будаўнічыя матэрыялы таго ці іншага перыяду, зрабіць рэканструкцыю выгляду помніка і яго навакольнага асяроддзя на ХVІІ-ХVІІІ ст. Пераважна ў выніку раскопак высветлена ўнутрызамкавая планіроўка, што перадае вельмі дакладную інфармацыю пра арганізацыю жыццёвай прасторы на помніку. Культурныя напластаванні нясуць сведчанні не толькі пра заснаванне замка, але і пра змяненні яго функцыі і статуса, спыненне існавання наогул.

Фартыфікацыя. Развіццё абарончых умацаванняў без археалогіі практычна не можа быць вывучана. Часта толькі ў выніку раскопак можна патлумачыць асаблівасці тапаграфіі таго ці іншага помніка і яго сістэмы фартыфікацыі. Не з'явіўся выключэннем і Глускі замак. Калі насыпаны валы, выкапаны роў, дзе стаялі вежы, размяшчалася брама - на ўсе гэтыя пытанні адказы былі атрыманы ў працэсе археалагічнага даследавання. 3 паўднёвага боку да вежы-брамы знайшлі падземны ход, які выводзіў на вадзяны роў з боку горада.

Уладальнiкi. Несумненна, у справе высвятлення праблемы, хто i калi валодаў тым цi іншым замкам, галоўнае месца належыць пiсьмовым крынiцам. Але i археалогiя можа папоўнiць i ўдакладнiць iнфармацыю такога кшталту. Асновай служыць пераважна пячная кафля з гербамi, манаграмамi i датамi, на якой адлюстравана iнфармацыя пра гаспадара, яго генеалогiю, пасады, даты важных падзей жыцця самога гаспадара або помнiка. Напрыклад, гербавыя кафлi з Глуска дазволiлi ўстанавiць асобаў, якiя валодалi замкам на працягу прыкладна паўтара стагоддзя.

Гiстарычныя падзеi могуць пакiдаць свой след у культурных напластаваннях на помнiку. Пра трагедыю часоў Маскоўскай вайны сярэдзiны XVII ст. у Глуску, вядомую па данясеннi Iвана Залатарэнкi, сведчаць масавыя сiнхронныя пахаваннi (у тым лiку i у брацкiх магiлах), праслойка пажараў, нумiзматычны матэрыял.

Жыццё у замку, яго асобныя аспекты таксама можна рэканструяваць на падставе археалагiчных дадзеных.

У працэсе раскопак на месцы, дзе стаяла вежа-брама, удалося iдэнтыфiкаваць i апiсаць некаторыя жылыя памяшканнi (iх памеры, размяшчэнне, прызначэнне, планiроўку), а менавiта жылы пакой, кухню, вартоўню, гаспадарчыя памяшканнi. Матэрыялы раскопак даюць падставы для частковай рэканструкцыi iнтэр'ераў знойдзеных жылых памяшканняў. Фрагменты драўляных, глiнабiтных i керамiчных падлогаў часам захавалiся вельмi добра. Знаходкi кафлi не толькi дазваляюць iдэнтыфiкаваць жылыя памяшканнi, але i даюць уяўленне пра арганiзацыю i стылiстыку iнтэр'ераў, з'яўляюцца добрым датуючым матэрыялам. Знаходкi аконных абалонак i шкла ад шыбаў прамавугольнай i акруглай формаў даюць пэўную iнфармацыю пра характар окнаў. Знойдзены фрагменты ляпнiны у выглядзе завiткоў.

Што тычыцца гарнiзона, то археалогiя тут мала чым дапамагае: толькi iнфармацыя пра памяшканнi, якiя займаў гарнiзон, вартоўнi, вязнiцы, знаходкi дэталяў рыштунку i, магчыма, зброi.

Сведчаннi пра дыяпазон рамесных спецыяльнасцяў, звязаных з замкам, несумненна паўней адлюстраваны у пiсьмовых крынiцах. Тым не менш, карцiна iстотна дапаўняецца i атрымлiвае матэрыяльныя доказы у працэсе раскопак. Менавiта раскопкi паказваюць нам, што выраблялася на помнiку, як яно зроблена, як змяняўся воблiк прадукцыi мясцовых майстроў. Напрыклад, вельмi цiкавыя назiраннi зроблены у дачыненнi да вытворчасцi керамiчнага посуду. Матэрыял сведчыць, што традыцыi ганчарства пасля казацкай разнi цапкам змянiлiся. Самi рэчы, у тым лiку бракаваныя, сляды тэхналагiчнага працэсу, рэшткi вытворчых збудаванняў могуць быць выяўлены толькi археалагiчна.

Некаторыя звесткi, хоць i невялiкiя, можна атрымаць i наконт адпачынку i забаваў жыхароў замка. Нешта на гэты конт могуць сказаць знаходкi керамiчных люлек, косткi дзiкiх жывёл i паляўнiчых сабак сведчаць пра захапленне паляваннем.

Уяўленне пра харчаванне даюць косткi хатнiх i дзiкiх жывёлаў, птушак i рыбы, а таксама вiды посуду, прызначаныя для розных вiдаў кулiнарнай апрацоўкi харчовых прадуктаў.

IНШЫЯ ВIДЫ КРЫНIЦ

Дадатковымi крынiцамi даследавання з'яўляюцца старыя карты, дзе Глуск-Дубровiцкi пазначаны выявамi замка. Такiх карты тры: "Карта Еўропы" Каспара Фопэля (Германiя, 1555 г.), якая нiдзе не друкавалася [20], вядомая "Карта Вялiкага княства Лiтоўскага" Т.Макоўскага (Нясвiж, 1613 г.), знойдзеная ў Вiльнi Ю.Якiмовiчам i Р.Баравым пiктаграфiчная карта "Ргоvinсiа Litvаnа Оrd. S. Frаnсisсi О. Sdm. Оbservation(еs)..." Гершка Ляйбовiча (другая палова XVIII ст.) [21, с. 113-122]. На апошняй выява бернардынскага касцёла за валамi i бастыёнамi замка, што павiнна было падкрэслiць знаходжанне кляштара ўнутры замка. Пры ўсёй умоўнасцi захавана канфiгурацыя валоў, пяць бастыёнаў (праўда, яны абмураваныя, а праезд змешчаны у самой курцiне, вежы адсутнiчаюць, каб не перагружаць малюнак, бо асноўная ўвага нададзена касцёлу), на малюнку касцёла чытаюцца пэўныя архiтэктурныя асаблiвасцi, якiя адрознiваюць тую выяву ад выгляду святынi на даваенных фотаздымках.

Каштоўную iнфармацыю можна пачэрпнуць i з пазнейшых планаў даследаванага месца, паколькi тапаграфiя замчышча была моцна зменена у 70-я г. XX ст. Найранейшы план датуецца XIX ст. На iм бачым захаваныя земляныя ўмацаваннi - валы, пяць бастыёнаў, вадзяны роў,- узвод, палац, жылы дом, касцёл i кляштар з агароджай. Адсутнiчаюць вежы. Гэты план надрукаваны у кнiзе "Памяць", праўда, аўтары не палiчылi патрэбным адзначыць, адкуль ён узяты. Наступны план замчышча быў зняты Анатолем Рынейскiм i надрукаваны у яго артыкуле [2, с. 211 ] у 1924 г. Тут бачым яшчэ добра захаваныя валы i усе бастыёны, мяжу вадзянога рова з боку мястэчка, будынак касцёла, ля паўднёвай курцiны нанесены нейкi вадаём. Цiкавасць выклiкае план замчышча, выяўлены мясцовым жыхаром Сяргеем Банем у раённым ваенкамаце. Здымка, хутчэй за ўсё, была ажыццёўлена у 1951 г. Тут нанесены валы i рзшткi бастыёнаў, указаны нават памеры курцiнаў. Менавiта па гэтым плане была разлiчана прыкладная плошча помнiка. Недатаваны план Глуска з замчышчам зняты быў хоць i пазней за план 1951 (?) г., на якiм яшчэ адсутнiчае завулак Рачны, ужо нанесены тут, але не нашмат. Тэрыторыя пляцоўкi замка належала яшчэ арцелi КIМ. Апошняя дзейнiчала у 1925-1960 г. Хутчэй за ўсё, гэты план быў зроблены у 60-я г. Замчышча тут нанесена толькi абрысамi, на iм нiчога не пазначана. Апошняя геадэзiчная здымка датуецца 1970-i г., дакладную дату у аддзеле галоўнага архiтэктара раёна высветлiць не ўдалося. Не выклiкае сумненняў толькi тое, што пазней на гэты план былi пасаджаны (не зусiм дакладна) спартыўныя збудаваннi канца 70-80-х г.

Iканаграфiчныя крынiцы прадстаўлены некалькiмi даваеннымi фотаздымкамi з выявай касцёла, а таксама фотаздымкамi перыяду вялiкiх будаўнiчых i земляных работ на помнiку у канцы 1980-х г. (прадстаўлены Г.Сагановiчам) i здымкамi, звязанымi з археалагiчнымi даследаваннямi на помнiку. Ускосна гiсторыi замка тычацца гравюры А.Тарасевiча (70-я г. XVII ст.).

Дзеля большага плену сваей працы даследчыкi не павiнны iгнараваць вусныя дадзеныя - звесткi пра помнiк, атрыманыя ад мясцовых жыхароу i краязнаўцаў. Нярэдка здараецца, што помнiк разбураўся на памяцi яшчэ жывых людзей, таму яны могуць распавесцi шмат цiкавага не толькi пра рэшткi самога замка, але i пра тое, калi, дзе i якiм чынам помнiку наносiлiся пашкоджаннi.

Апытанне пра Глускі замак нават вывела на канкрэтных удзельнікаў тых ці іншых разбурэнняў. Ахвотна мясцовыя жыхары расказваюць і пра знаходкі, звязаныя з замкам, хоць пра існаванне тут замка практычна ніхто не ведаў. Шмат успамінаў звязана з касцёлам, які існаваў да 1944 г. Каштоўная інфармацыя атрымана ад Корбута Віктара Антонавіча, які добра памятае, як выглядаў замак у яго дзяцінстве, калі земляныя ўмацаванні былі яшчэ цэлыя, якія земляныя працы (пашкоджанні) праводзіліся падчас вайны, пасля яе і ў паз-нейшыя гады: захаванне фашыстамі расстраляных яўрэяў у паўднёвым участку вала, пракладка дарогі да касцёла праз паўночную курціну, збудаванні, заглыбленыя ў зямлю, і г.д. Даследчыку трэба мець на ўвазе: памяць чалавека - не фотаздымак, а таму вельмі верагодныя памылкі. Тым больш, што найчасцей успаміны і ўражанні дарослых цяпер людзей звязаны з дзяцінствам, калі ўсё бачыцца інакш і з часам забываецца. 3 гэтага вынікае неабходнасць супастаўлення дадзеных розных інфарматараў і праверкі іх іншымі відамі крыніц. Другі блок вусных дадзеных утвараюць шматлікія легенды і паданні. Так, у Глуску можна пачуць розныя варыянты легенды пра падземныя хады з схаванымі там багаццямі, сустрэць людзей, якія "самі хадзілі па іх да таго часу, пакуль не рабілася цяжка дыхаць, чулі над сабой шум вады, бачылі чалавечыя шкілеты" і г.д. Адзін з варыянтаў такой легенды зафіксаваны ў апавяданні "Касцёл" Сяргея Грахоўскага, які нарадзіўся і вырас у Глуску [22]: як казаў дзед-нябожчык, ад касцёла да Гарадка ідзе патаемны ход, у які схаваныя жалезныя куфры з золатам і каштоўнымі камянямі, там жа замуроўвалі ворагаў і здраднікаў, душы якіх стогнуць там па начах.

Такім чынам, апошнія даследаванні па гісторыі Глускага замка з'яўляюцца фактычна развіццём навуковага даробку, пакінутага М.А.Ткачовым. Мэтанакіраваны збор крыніц розных тыпаў і асабліва археалагічныя раскопкі дазваляюць у значнай ступені паглыбіць, дэталізаваць гісторыю даследаванага помніка, перагледзець некаторыя выказаныя раней высновы, паставіць новыя пытанні і найперш у галіне методыкі аналізу і інтэрпрэтацыі матэрыялу.

 

Спіс літаратуры

1. Ткачоў М.А. Замкі Беларусі. - Мн., 1977; Ён жа. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХІП-ХУІІІ ст. - Мн., 1978; Ён жа. Замкі і людзі. - Мн., 1991.

2. Рынейскі А. Археолёгічныя разьведкі на р. Пціч // Запіскі аддзелу гуманітарных навук Беларускай акадэміі навук//Працы секцыі археолегіі. -Мн., 1932. -Т.3.

3. Якімовіч Ю.А. Зодчество Белоруссии XVI -середины XVII в. - Мн., 1991.

4. Якімовіч Ю.А. Драўляныя замкі Беларусі // Помнікі мастацкай культуры. - Мн., 1989.

5. Ткачоў М.А. Замкі і людзі. - Мн., 1991. - С. 116-120; Ён жа. Глускі замак // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя. - Мн., 1993. -С. 174-175.

6. Сагановіч Г.М. Справаздача аб палявых доследах у чэрвені і жніўні 1988 года // Архіў Інстытута гісторыі НАН Беларусі. -Спр. № 1114.

7. Памяць. Глускі раен. -Мн., 1999. -С.48.Тут друкуецца паводле:"Хрестоматия по истории БССР".-Мн., 1976.Т-Ч. І.-С. 14.

8. НГАБ. Ф. 684. Воп. 1. Спр. 163. Л. 1. Цыт. па: Ткачоў М.А Замкі і людзі. - Мн., 1991.

9. ОРБАН Літвы. Ф. 16-205. Л. 46. Цыт. па: Якимович Ю.А. Зодчество Белоруссии. - Мн., 1991. - С. 81;Ткачоў М.А. Орus cit. -С. 117.

10. НГАБ. ф. 694. Воп. 1. Спр. 167. Л. 1.

11. Археографический сборник. - Вильно, 1867. -Т. 1. -С. 202-205. Цыт. па: Памяць. -С. 61.

12.НГАБ.Ф.694.Воп.1.Спр.177.Л.1.Цыт. па: Ткачоў М. Замкі і людзі.-Мн.,1991.-С.175.

13. НГАБ. Ф. 694. Воп. 7. Спр. 846. Л. 2 адв. -14 адв. Звесткі надрукаваны М.Ткачовым.

14. Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах. - Т. 1.

15. НГАБ. Ф. 27. Воп. 6. Спр. 3. Л. 1. Звесткі надрукаваны М.Ткачовым.

16. НГАБ. ф. 694. Воп. 7. Спр. 220. Л. 15 адв. Звесткі надрукаваны М.Ткачовым.

17. НГАБ. Ф. 694. Воп. 7. Спр. 220. Л. 43,43 адв. Звесткі надрукаваны М.Ткачовым.

18.Белоруссия в эпоху феодализма. - Мн., 1959.-Т. 1.

19. Белоруссия в эпоху феодализма. - Мн., 1960. -Т.2.

20. Перададзена аўтару Л.Р.Казловым, за што выказваю яму вялікі дзякуй, ён жа перадаў інфармацыю пра аўтарства і датыроўку карты.

21. Баравы Р., Якімовіч Ю. Каштоўны дакумент па гісторыі беларускай графікі і архітэктуры XVIII ст. // Помнікі культуры: Новыя адкрыцці. - Мн., 1985.

22. Граховский С. Горячее лето. - М.,1977.

 

Ірына Ганецкая

 

Castrum, urbis et bellum. РУПП "Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня". 2002