Глускі замак

Існаваў у ХVI – ХVIII ст. у   Глуску Дубровiцкім (цяпер г.п Глуск).   Размяшчаўся на ўзвышанай частцы правага берага ракі Пціч, на месцы гарадзiшча   эпохі ранняга жалезнага веку і Кіеўскай Русі. 

 Як сведчаць гістарычныя крыніцы, у ХVI ст. Глускі замак   меў земляны абарончы вал з драўлянымі   сценамі-гароднямі і бланкаваннем, 2   драўляныя вежы, уязную вежу-браму з   пад’ёмным мостам-узводам і малую   брамку-фортку, што адчыняла доступ да   Пцічы. У цэйхгаузе замка знаходзіліся   «стрельбы замковые и пушки и иншые   речи ку замку належачие». Паводле граматы 1571 г., там былі жалезная гармата, гакаўніцы, ручніцы, вялікія коп’і-рагаціны,   даспехі – «зброи бляховые», шлемы-капалыны, порах, сера, салетра і інш. Да   1581 г. замкам i ўсім ваенным рыштункам,   падзялiўшы іх «на полы», валодалі князья   Заслаўскія і Чартарыйскія. Потым Заслаўскія сваю «половину замку Глуского   и места Глускога и половину усее волости Глуское» прадалi Чартарыйскiм за 50   тыс. злотых. 4.6.1626 князь М.Ю.Чартарыйскi прадаў частку гэтых уладанняў маршалку слонімскаму К.А. Палубiнскаму. У канцы ХVII – ХVIII ст. Глускі замак належаў Радзівiлам.

На мяжы ХVI –  ХVII ст.   на месцы старога драўлянага пабудаваны   новы 5-бастыённы замак, аперазаны   глыбокім і шырокім ровам, якi жывіўся   водамi Пцiчы. Насыпаныя з зямлі і глiны   валы-курціны і бастыёны ўзвышаліся на   5 – 7 м над замкавым дваром. Унутры   земляных валоў ішоў скляпеністы каменна-цагляны падземны ход. Па ім з бастыёна на бастыён перасоўваліся ў час абстрэлу і аблогі стралкi. 3 замка выходзiў да   Пцічы другі падземны ход, які вырашаў праблему водазабеспячэння у пярыяд   асады. Замкавая брама размяшчалася   блiжэй да вонкавага бастыёна, адкуль   фланкiраваліся подступы да яе. Падвойныя палотнiшчы варот брамы былі акаваны жалезнымі палосамі. Зверху на ланцугах   калаўротам спускалася засцерагальная   дубовая крата-герса, акаваная жалезам.   Замкавая брама мела выгляд 3-яруснай   мураванай вежы. 1-ы ярус займала праезная частка, тут жа былі 2 скляпы з   дзвярыма ў выглядзе драўляных кратаў.   Справа да брамы прымыкаў корпус   гарнiзоннай казармы, злева знаходзілася   вартоўня-кардэгарда з байніцамі для   кругавога абстрэлу. На 2-м ярусе вежы   было 4, на 3-м – 3 акны-байніцы і кругавая баявая галерэя-памост. Завяршалася брама купалам з «баняй» і бляшаным   флюгерам-харугаўкай. На замкавым   двары размяшчалiся розныя побудовы, у   т.л. цэйхгауз «прускага муру» (фахверкавай канструкцыі), студня, кухня, стайня і нават сажалкi, дзе гадавалася рыба.   У ХVII ст. тут пабудаваны касцёл. У дакументах ХVII ст. ўпамінаецца яшчэ адна   брама – Водная. Яна мела 2 паверхi i,   відаць, месцілася ў адной з курцін, звернутых у бок Пцічы. Трапіць у замак   можна было па доўгiм мосце з некалькiмі   пад'ёмнымi секцыямi-ўзводамi. Доступ   на мост запірала бервяно-«кабылiна»,   стаяла  спецыяльная будка-вартоўня. На сярэдзiне моста знаходзілася прамежкавая   брамка з дзвюма ўваходнымі форткамі.

У   ХVI – ХVIII ст. Глускі замак лiчыўся магутнай цытадэллю. У мірны і асаблiва ў ваенны час тут   знаходзіўся спецыяльны гарнiзон, які складаўся   пераважна з мясцовых жыхароў. Паводле   iнвентара 1692г., у замку быў пастаянны   гарнізон з 21 «жаўнера». Згадваюцца   таксама «генерал» Аградзінскi, падхаружы Скiндзер, барабаншчык, 3 пушкары – «Каза-пушкар, Стафан-пушкар,   Абрам Навіцкі-пушкар» . Сярод рамеснікаў замка людзі розных прафесiй:   «кавалі Сямён, Верамей, Иван, муляр   Апанас Сяструх, Раман-рудник, маляр   Якуб, рымар Данила, Ян Тарасевіч  злотнік, катляры Навум, Васька і два   Яна, Севярын Тарасевіч-злотнiк, слесар   Піліп, зэгармістр Грышка, столяр Лявон,   шабельнiк Якуб». Яны цалкам забяспечвалі надзённыя ваенна-тэхнічныя патрэбы   замка.

У 1708 г. Глускі замак ахоўвалі выбранцы –   наёмныя салдаты, якія набiраліся з   глускiх мяшчан, а таксама з вольных   людзей, сялян Кольчыцкага войтаўства,   дробнай шляхты. Яны атрымлівалi за   службу зямельныя надзелы, што перадаваліся ў спадчыну па мужчынскай лiніі.   Днём выбранцы працавалi па дамах,   з’яўляліся ў замак у выпадку ваеннай небяспекi. Несці варту ў Глускі замак рэгулярна пасылаліся 4 вартаўнiкі з сялян Балашоўскай   воласці. Насельніцтва воласці да таго ж «сыпала грэблю» пад замкам, вазіла дровы і   лес, неабходныя на будаўнiцтва, рамонт i   ацяпленне. Ваенна-рамонтныя работы   сяляне праводзілі ў 2 этапы: красавік– чэрвень   і з 1 верасня да канца лiстапада. Акрамя таго, сяляне вёскі Мінкавiчы на патрэбы замка   і пушкарскага двара Радзівілаў ва Урэччы пастаўлялі дубовыя дошкі для гарматных калоў, калоды з клёну і дубу для   гарматных лафетаў. Доглядам і рамонтам фартыфікацыі распараджаўся спецыяльны   гараднічы. На гэтыя мэты і на ўтварэнне   гарнізона замка трацілася 600 злотых, з   іх 500 давалі мяшчане.

Пасля Паўночнай вайны  1700 – 1721 гг. у сувязі са зменай палiтычнай   сiтуацыі варту ў Глускім замку неслі 3 чалавекі: 1 капрал і 2 жаўнеры. Ім плацiлі грошы, куплялi вопратку і абутак. Геаграфiчнае размяшчэнне Глускага замка надавала яму ранг важнага стратэгічнага пункта на шляху   магчымага нападу загонаў крымскiх татар у ХVI ст., у канцы ХVI – ХVII ст. ён выконваў ролю цытадэлi супраць казацких   нападаў з Украіны. У кастрычніку 1648 г. яго занялi паўстаўшыя беларускія сяляне i ўкраінскія казакi, якія потым рушылі на Бабруйск. Глуск і замак моцна папярпелі і ад праходу войска Рэчы Паспалітай, а таксама   ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалiтай 1654 – 1667 гг. Глускі замак праiснаваў да канца ХVIII   ст., пасля заняпаў.

У 1988 г. у ходзе земляных работ на тэрыторыі замка археолаг Г.М Сагановіч выявiў керамiку жалезнага веку   (рэшткі ляпных гаршков), кафлю ХVI ст., посуд і геральдычную кафлю ХVII ст., рэчы побыту ХVII – ХVIII ст., а таксама мураваныя лёхі.

 

Літаратура.

 

1.      Малиновский И. Сборник   материалов, относящихся к истории панов-рады Великого княжества Литовского.   Томск, 1901. С. ІХLV.

2.      Поболь Л.Д. Славянские древности Белоруссии (свод археол. памятников раннего этапа зарубинецкой   культуры – с середины ІІІ в. до н.э. по начало ІІ в. н.э.). Мн., 1974. С. 261.

3.      Гісторыя   Беларусі ў дакументах і матэрыялах. Мн.,   1936. Т. 1. С. 608, 613.

4.      Описание документов   и бумаг, хранящихся в Московском архиве   Министерства юстиции. М., 1915. Кн. 21. С.   410.

5.      Volumina legum. Pb., 1859. Т. 4. S. 272.

6.      Тое ж. 1860. Т. 5. S. 91.

 

Міхась Ткачоў

 

Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.3. Мінск, "Беларуская энцыклапедыя" імя Петруся Броўкі, 1996.

 

«Глуская зямля: дыялог з гісторыяй». 1999